Старонка:Барвенак (1924).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ЧАС НОЧНЫ.

Цячэ цішком, плюскочацца
І ўдаль бяжыць рака…
Шу-шу, шу-шу! — шапочацца
Над ёю асака.

Схіліліся алешыны
І дрэмлюць над вадой
Спакоем ночы сьцешаны,
А зоры грамадой

Мігаюць ў небе бляскамі,
Глядзяць скрозь вётлы крон,
І сэрца поўніць казкамі
Чароўны, ціхі сон,

Што апавіў ваколіцы
Салодкім хмелем чар…
Рака цячэ — ня кволіцца,
Палёт бадзёрыць мар.

А разам з ўсім так хочацца
Спакою для душы…
У жылах кроў плюскочацца,
Як рэчка ў час цішы…

1923 г.