Старонка:Бабарэка Колас.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І

...Бо і ў тэй цішы заклятай
Ёсьць і голас, і свой твар,
Рознастайны і багаты,
Поўны музыкі і чар.
Я. Колас — „Сымон Музыка“.

Разьвіцьцё беларускай поэзіі, пачынаючы ад 19–га сталецьця, спраўляе ўжо трэці круг сваёй гісторыі, круг, зьвязаны з Кастрычнікам на Беларусі.

Першы круг, што вызначаецца іменьнямі шляхецкіх пісьменьнікаў — Баршчэўскага, Рыпінскага, Чачота... і самага яскравага з іх Дуніна–Марцінкевіча, — характэрны сваёю накіраванасьцю да „асьветніцтва“. Спалячаная беларуская шляхта часу названых пісьменьнікаў, прымушаная ходам гісторыі аглянуцца наўкола сябе, каб знайсьці апору сабе, вылучае з свайго стану лібэральных у сваім часе пісьменьнікаў. Праз гэтых пісьменьнікаў літаратура на Беларусі становіцца на службу шляхецкім інтарэсам, якія і падказваюць ёй кірунак, а разам з культурным узроўнем часу і яе „асьветніцкі“ характар. У сьвет зьяўляюцца літаратурныя творы, пісаныя ў польскай, польскай і беларускай мовах разам і ў аднэй беларускай, якія адрасуюцца ня толькі да шляхты, але й да „простага люду“, да „мужыка“ з мэтай яго асьветы. Выпрацоўваюцца дзеля гэтага адпаведныя літаратурныя формы вершаваных аповесьцяй, комэдый, навучальных вершаў. Разьвіваецца стыль зваротаў да „простага люду“ ў мове „мужыцкай“, штодзённай, зваротаў да шляхты, разьвіваецца стыль „саладчавых“ і „сьмешных“ вершаваных казаньняў... Усё гэта, часта ня ў меру, перасыпаецца народнымі песьнямі, прыказкамі, анэкдотамі... Але літаратура, прасякнутая асьветніцкімі тэндэнцыямі і разрываючыся супярэчнасьцямі між ідэяй і формай, не змагла ў гэным часе даць каштоўных твораў па шырыні й глыбіні іх выяўленьня жыцьця, а таксама й па сіле творча–мастацкай. Творы, што засталіся ад гэтага часу ў спадчыну й нам, значны толькі як факты, што самым сваім зьяўленьнем у сьвет паказалі на існаваньне народу, які мае сваю мову і сваю вусную творчасьць, ад якіх можа з часам вырасьці й сапраўды Мастацкае Слова, слова новае, прасякнутае й новай ідэяй, што сьпелілася ўжо і ў гэны час у нетрах беларускіх працоўных мас пад карою нацыянальнай і сацыяльнай няволі. Гэты голас „цішы“ й выбіваецца на сьвет у другім крузе гісторыі беларускае поэзіі.

Дзьверы другога кругу адчыняюцца моцным голасам Ф. Багушэвіча, выхадца таксама з шляхты, а такога, што канчаткова зьвязвае свае інтарэсы з інтарэсамі народу (разумеючы пад гэтым сялянства і яго інтэлігенцыю) і ня робіць ужо разьмежаваньня, як яго папярэднікі, між сабою, як поэтам, і селянінам, усьвядомленым соцыяльна і