Старонка:Бабарэка Колас.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нацыянальна. Ф. Багушэвіч пачынае адраджэнскі круг у гісторыі беларускай літаратуры і грамадзкасьці, характэрны сваёю накірованасьцю да ўсебаковага самавызначэньня Беларусі. Завяршэньне гэтага кругу адбываецца ўжо ў нашу эпоху. Эпоху рэвалюцыйную, поруч з нараджэньнем і разьвіваньнем трэцяга кругу. З яго накірованасьцю да сацыялістычнага будаўніцтва.

Сярод іншых кругоў — адраджэнскі самы багаты і рознастайны, які здолеў выявіць вялікія творча–мастацкія магчымасьці, што тояцца ў нетрах беларускіх працоўных мас, і даў такія літаратурна–мастацкія дары, якія ніколі не забудуцца працоўнымі калісь „забранага краю“. Адраджэнскі круг вызначаецца такімі іменьнямі, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Зьмітрок Бядуля, якія самавызначыліся ў беларускай літаратуры як поэты–мастакі, а таксама цэлай пляядай драбнейшых поэтаў і пісьменьнікаў, часамі самабытных, а часамі подгаласкаў волатаў адраджэнскага мастацкага слова. У гэтым крузе зьліваліся ў адзін голас адраджэньня самыя рознастайныя галасы, якія йшлі і ад сялянства, і ад работніцтва, і ад інтэлігенцыі нацыянальна ўсьвядомленых. Літаратура ў гэты час — і слуга адраджэньня, і слуга красы і хараства беларускага. Мастацкім словам адраджэнцы карыстаюцца ня толькі для абуджэньня нацыянальнай і соцыяльнай сьвядомасьці ў працоўных масах Беларусі, гэтым словам яны самавызначаюцца наогул у мастацтве. Яны самі твораць гэта слова як слова, што мае каштоўнасьць культурна–мастацкую, а ня толькі нацыянальна–соцыяльную. Яны твораць падмурак для такога слова, што мела б значэньне ня вузка нацыянальнае або соцыяльна–групавое, але й агульналюдзкае. Яны пракладаюць шлях да слова такога, што зьявілася–б новым скарбам у агульналюдзкай культурнай мастацкай скарбніцы. Словам, адраджэнскі круг — гэта выяўленьне магутнасьці творчага духу беларускіх працоўных мас у іх змаганьні за сваё нацыянальна–сацыяльнае вызваленьне, у іх змаганьні за культурна–мастацкае самавызначэньне і месца сярод іншых культурных народаў сьвету.

Пры ўсім адзінстве гэтага кругу па сваёй асноўнай ідэі і імкненьню да адраджэньня ў ім зьмяшчаецца, часта, праўда, толькі ў стане зараджэньня, надзвычайнае багацьце рознастайнасьцяй, з якімі ня можа зраўняцца ні адзін з рэшты кругоў, нават і наш рэволюцыйны з яго шматлічнасьцю поэтаў і пісьменьнікаў. Тут знаходзім пачатак і мастацкай прозы (Каганец, Цётка, Ядвігін Ш., Т. Гу шча, Жывіца і інш.), і драмы і комэдыі. Тут, у лірычнай поэзіі, адасабляюцца самыя рознастайныя віды, удасканальваецца самы верш, поэтычная мова, вызначаюцца шляхі далейшага разьвіцьця беларускай літаратуры, нараджаецца поэтыка, крытэрыі мастацкага, выяўляюцца самыя рознастайныя тэндэнцыі ў імкненьнях да мастацкіх формаў — ад народнай песьні да апошняга слова сымболістычнай школы. Словам, адраджанізм закладае моцную аснову і вызначае магчымасьці для далейшага разьвіцьця беларускай літаратуры. Усё гэта чакае сваіх дасьледчыкаў і літаратурных ацэнак. Усё гэта чакае разьвіцьця ў школы і кірункі мастацкія.

Ціша для другіх — ня ціша ў сабе, а галасы, і галасы рознастайныя і багатыя. Адраджэнцы ўмелі чуць гэтыя галасы і іх выяўляць сваім мастацкім словам. Так, Янка Купала сваёю творчасьцю выяўляе сьвету веліч і магутнасьць голасу імкненьняў і волі, якія жылі ў беларускіх працоўных масах пад карою цішы. Так, Якуб Колас сваімі творамі выяўляе багацьце эмоцыянальнае, якое тоіцца ўнутры гэтых самых мас. Так, М. Багдановіч выяўляе багацьце і здольнасьці разумо-