Перайсці да зместу

Старонка:Аснаўныя пачаткі арытмэтыкі.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

119.Прыметам падзельнасьці лікаў наз. спосабы, пры падмозе каторых можна, ня робячы запраўды дзяленьня, даведацца — на якія лікі дадзены лік дзеліцца без астачы.

Прызнакі падзельнасьці лікаў маюць аснову на чарговых дзьвёх ўласьцівасьцях лікаў: 1) зьлічво некалькіх складанак дзеліцца на які-небудзь лік без астачы, калі ўсе складанкі дзеляцца на той-жа лік без астачы, 2) множыва двох або некалькіх лікаў дзеліцца на кожны з сваіх сумножнікаў без астачы.

120.Усякі лік дзеліцца на 2 без астачы, калі ён канчаецца нулём або лічбінаю, каторая можа дзяліцца на 2 без астачы (напр.: 2, 4, 6, 8), бо адзін дзесятак і любы лік дзесяткаў, або наагул лік, які канчаецца нулём, дзеліцца на 2; з адзінак-жа дадзенага ліку толькі 2, 4, 6, 8 дзеліцца нa 2.

Лікі кратныя (разавыя) двох, наз. чотнымі або цотамі; лікі, някратныя двох, наз. нячотнымі або лішкамі.

121.Усякі лік дзеліцца на 4 без астачы, калі ён канчаецца двома нулямі, або калі дзесяткі з адзінкамі дзеляцца на 4 без астачы, бо адна сотка і любы лік сотак, або наагул лік, які канчаецца двома нулямі, дзеліцца на 4; значыцца, калі ў якім-небудзь ліку дзесяткі з адзінкамі дзеляцца на 4, дык увесь лік разьдзеліцца на 4.

Заўважым, што пры чотным (цотным) ліку дзесяткаў хваце (старчыць) даведацца, ці дзеляцца адзінкі дадзенага ліку на 4.

122.Усякі лік дзеліцца на 8 без астачы, калі ён канчаецца трома нулямі, або калі соткі з дзесяткамі і адзінкамі дзеляцца на 8 без астачы, бо адна тысяча і любы лік тысячаў, або наагул лік, які канчаецца трома нулямі, дзеліцца на 8; значыцца, калі ў якім-небудзь ліку соткі з дзесяткамі і адзінкамі дзеляцца на 8, дык увесь лік разьдзеліцца на 8.

Заўважым, што пры чотным (цотным) ліку сотак хваціць даведацца, ці дзеляцца дзесяткі з адзінкамі дадзенаго ліку на 8.

123.Усякі лік дзеліцца на 5 без астачы, калі ён канчаецца нулём, або лічбінаю 5, бо адзін дзесятак і які-небудзь лік дзесяткаў, або наагул лік, які канчаецца нулём, дзеліцца на 5; з адзінак-жа толькі 5 дзеліцца на 5.