Старонка:Апошні з магікан.pdf/494

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тая-ж шаноўная павага, як і ля магілы Коры. Цела нябожчыка было змешчана ў сядзячым стане, у позе, якая выказвала спакой, тварам да ўзыходзячага сонца; паблізу яго былі пакладзены прылады вайны і палявання. Магілу закапалі і прынялі меры, каб засцерагчы яе ад нападу дзікіх звяроў. Пахаванне было скончана, і ўсе прысутныя перайшлі да наступнай часткі абраду.

Чынгачгук зноў зрабіўся прадметам агульнай увагі. Ён яшчэ нічога не гаварыў, а між тым усе чакалі пачуць нешта навучальнае ад такога мудрага воіна. Ведаючы жаданне народу, суровы, стрыманы воін узняў галаву і паказаў твар, які да таго часу быў схаваны ў складках адзення, і цвёрдым позіркам абвёў усіх прысутных. Яго моцна сціснутыя, выразныя губы раскрыліся, і ў першы раз за ўсю доўгую цырамонію голас яго прагучэў так, што быў чуцен усім.

— Навошта смуткуюць мае браты? — сказаў ён, гледзячы на тужлівыя, панурыя твары воінаў, стаяўшых вакол яго. — Аб чым плачуць мае дочкі? Аб тым, што малады чалавек пайшоў на шчаслівыя месцы палявання, што правадыр з гонарам пражыў час свайго жыцця? Ён быў добры; ён быў справядлівы; ён быў храбры. Хто можа адмаўляць гэта? Маніта адчувае патрэбу ў такім воіне, і ён заклікаў яго. Што-ж датычыць мяне, сына і бацькі Ункаса, то я — пазбаўленая ігліцы хвоя на прасецы бледнатварых. Род мой адышоў і ад берагоў Салёнага Возера і ад дэлаварскіх гор! Але хто можа сказаць, што змей племя запамятаў сваю мудрасць? Я адзінокі…