Старонка:Апошні з магікан.pdf/482

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

піцца рукамі за куст на краі кручы. Сакалінае Вока прыпаў да зямлі, нібы драпежны звер, рыхтуючыся зрабіць скачок; ён так дрыжэў ад нецярплівасці, што дула яго прыўзнятай стрэльбы было падобным на ліст дрэва, які калыша вецер. Магуа павіс на руках на ўвесь рост і намацаў нагамі камень, на які мог ступіць. Потым, сабраўшы ўсе сілы, ён зрабіў спробу ўзабрацца на кручу; гэта яму ўдалося, ён ужо дакрануўся каленямі да грэбня гары. Якраз у той момант, калі вораг нібы скруціўся ў камяк, разведчык прыцэліўся, і ў той-жа міг прагучэў стрэл. Рукі гурона аслабелі, цела яго адхілілася назад, толькі ногі аставаліся ў тым-жа палажэнні. Ён азірнуўся, глянуў на ворага з непрымірымай злосцю і пагразіў яму з лютым, выклікальным выглядам. Але рукі яго выпусцілі галіну, за якую трымаліся; адзін момант відаць было, як яго цёмная фігура рассякала паветра, несучыся галавой уніз, і праслізнула міма кустоў, што аблямоўвалі гару, несучыся да сваёй пагібелі.


РАЗДЗЕЛ XXXIII

Сонца, якое ўзышло наступнай раніцай, засцігла племя ленапаў у смутку. Адгучэлі гукі бітвы, дэлавары насыцілі сваю даўнюю прагнасць помсты, знішчыўшы цэлае паселішча гуронаў. Сотні крумкачоў, якія ўздымаліся над голымі верхавінамі гор або праляталі шумнымі стаямі над лесам, паказвалі дарогу да нядаўняга поля бою.

Але, не гледзячы на гэта, праменні сонца засціглі ленапаў у смутку, — не чуваць было ні ра-