Старонка:Апошні з магікан.pdf/453

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ціне, з якой вышаў. Найбольш сур’ёзныя і назіральныя воіны заўважылі гнеў, які блішчэў у вачах маладога палоннага, калі ён праходзіў міма іх. Таменунда і Алісу адвялі, жанчынам і дзецям загадалі разыйсціся. На працягу наступнай гадзіны лагер быў падобным на вулей патрывожаных пчол, якія чакалі толькі з’яўлення свайго важака, каб пачаць далёкі палёт.

Нарэшце, з хаціны Ункаса вышаў малады воін; рашучымі крокамі ён падышоў да маленькай хвоі, якая расла ў шчыліне камяністай тэрасы, садраў з яе кару і моўчкі вярнуўся туды, адкуль прышоў. За ім неўзабаве прышоў другі і абламаў з дрэва галінкі, пакінуўшы толькі аголены ствол. Трэці расфарбаваў голы ствол цёмначырвонымі палосамі. Усе гэтыя праяўленні ваяўнічых намераў правадыроў племя прымаліся воінамі ў панурым, злавесным маўчанні. Нарэшце, паказаўся і сам магікан; на ім не было ніякага адзення, апрача пояса і лёгкага абутку; палова яго прыгожага твара была схавана пад трубым чорным воблакам фарбы.

Павольнай, велічнай хадою Ункас падышоў да аголенага ствала дрэва і пачаў хадзіць вакол яго мернымі крокамі, выконваючы нешта накшталт старажытнага танца і суправаджаючы яго дзікімі, няправільнымі гукамі ваеннай песні свайго народу. У песні было мала слоў, але яны часта паўтараліся.

Маніта! Маніта! Маніта!
Ты вялікі; ты добры; ты мудры.
Маніта! Маніта!