Старонка:Апошні з магікан.pdf/322

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дапытлівыя, непрыязныя позіркі пахіснулі на момант адважнасць маладога чалавека, але адступаць было позна. На крык дзяцей з бліжэйшай хаціны вышлі чалавек дзесяць воінаў, якія натоўпам сталі ля парога змрочнай, ваяўнічай групай, з цвёрдым спакоем чакаючы набліжэння чужых людзей.

Давід, які да некаторай ступені прызвычаіўся да гэтага відовішча, накіраваўся проста да іх з цвёрдасцю, якую, як відаць, нялёгка было пахіснуць. Яны сабраліся ля ўваходу ў галоўную хаціну паселішча — грубы шалаш з кары і галля. У гэтым шалашы адбываліся нарады і сходкі племя. Дункану цяжка было надаць свайму твару такі неабходны выгляд раўнадушша ў момант, калі ён прабіраўся паміж цёмнымі магутнымі фігурамі індзейцаў. Але, разумеючы, што жыццё яго знаходзіцца ў залежнасці ад ступені яго самаўладання, ён усклаў надзею на разважлівасць свайго таварыша, услед, за якім ішоў, стараючыся прывесці ў парадак свае думкі. Кроў стыла ў яго ў жылах ад усведамлення непасрэднай блізкасці лютых і бязлітасных ворагаў, але ён настолькі валодаў сваімі пачуццямі, што нічым не выказаў сваёй слабасці. Беручы прыклад з мудрага Гамута, ён выцягнуў вязку пахучага галля з кучы, якая знаходзілася ў кутку хаціны, і моўчкі сеў на яе.

Як толькі іх госць прайшоў у хаціну, воіны, якія стаялі ля парога, пачалі таксама ўваходзіць туды і, размясціўшыся вакол яго, цярпліва чакалі, калі чужаземец пачне гаварыць. Яшчэ большая коль-