Старонка:Апошні з магікан.pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шымі і больш злоснымі. З’явілася каля сотні дзікуноў; яны нібы нейкім цудам выраслі там, дзе хвіліну таму назад было чалавек дванаццаць гуронаў. Хутка Кора заўважыла, што Магуа праслізнуў у натоўп сваіх супляменнікаў і звярнуўся да іх, карыстаючыся ўсімі прыёмамі свайго злавеснага красамоўства. Жанчыны і дзеці спыніліся, збіўшыся разам, нібы чарада спалоханых птушак.

Магуа прыклаў рукі да губ; прагучэў злавесны і жахлівы енк. Індзейцы, рассеяныя па лесе, уздрыгануліся, пачуўшы гэты добра знаёмы ім кліч. Зараз-жа па ўсёй раўніне пранеслася дзікае выццё, водгулле якога пачулася ў лесе. Гэта быў крык, які не часта вырываецца з чалавечых глотак.

Ён з’явіўся страшным сігналам: больш двух тысяч дзікуноў выбеглі з лесу; усе яны мігам усеялі фатальную раўніну. Пачалася агіднейшая крывяпралітная разня. Усюды панавала смерць у самым жахлівым, агідным выглядзе. Супраціўленне яшчэ больш распальвала забойцаў; дзікуны наносілі ўдары нават мёртвым. Кроў цякла ручаямі. Гуроны ўсё больш і больш раз’юшваліся, гледзячы на гэтую кроў.

Дысцыплінаваныя атрады быстра выстраіліся ў шчыльныя рады і стараліся спыніць нападаючых дзікуноў унушальным выглядам ваеннага фронта. Гэта да некаторай ступені ўдалося ім, хоць, на жаль, многія салдаты, спадзеючыся ўсмірыць звар’яцелых дзікуноў, кінуліся на іх, размахваючы прыкладамі, і страцілі свае стрэльбы.

Як заўсёды, у часе такіх падзей ніхто не мог адказаць дакладна, колькі часу прайшло ад пачатку