Старонка:Апошні з магікан.pdf/243

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

разні. Магчыма, што жахлівая сцэна цягнулася дзесяць мінут, але яны здаліся стагоддзем. Скамянелыя і абяссіленыя ад жудасці і страху, Кора і Аліса стаялі, як прыкаваныя да аднаго месца. Натоўп жанчын абкружыў маладых дзяўчат, не даўшы ім магчымасці бегчы; потым натоўп паменшыўся: ад страху смерці большасць жанчын разбеглася. Яны кідаліся, куды папала, і траплялі пад тамагаукі гуронаў. Усюды чуліся крыкі, стогны, просьбы і праклёны. Але вось Аліса ўбачыла высокую фігуру свайго бацькі; Мунро шпарка ішоў праз нізіну і, здавалася, накіроўваўся да французскага лагера. Не звяртаючы ўвагі на небяспеку, ён паспяшаўся да вераломнага Манкальма, каб патрабаваць ад яго абяцанага і запозненага эскорта для жанчын. Вялікая колькасць бліскучых сякер і ўпрыгожаных пер’ямі коп’яў былі гатовы адабраць у яго жыццё, аднак, нават ахопленыя шаленствам, дзікуны спыняліся, бачачы яго спакойны твар. Усё яшчэ энергічная рука ветэрана спакойна адхіляла ад сябе страшныя ўдары, іншы-ж раз і самі гуроны, прыстрашыўшы яго смерцю, здавалася, не знаходзілі дастатковай адважнасці, каб выканаць сваю пагрозу, і апускалі коп’і і тамагаукі.

— Папа, папа! Мы тут, тут! — ускрыкнула Аліса, калі Мунро праходзіў міма дачок, як відаць, не заўважыўшы іх. — Ідзі да нас, папа, інакш мы загінем!

Яна паўтарала гэты ўсклік такім тонам, што самае каменнае сэрца магло-б расчуліцца; але адказу не было. Нарэшце, стары нібы пачуўшы гукі яе