Старонка:Апошні з магікан.pdf/202

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

благародная… Кора. Я магу і павінен называць вас так. — Яна шчыра падала яму руку, хоць губы яе ўздрыгануліся, а шчокі пакрыліся пепельнай бледнасцю. — Бывайце, Аліса, — дадаў Дункан, і зачараванне, якое чулася ў яго голасе пры звароце да Коры, змянілася пяшчотнасцю. — Бывайце, Аліса, мы хутка ўбачымся, і спадзяюся — пасля перамогі.

Не чакаючы адказу, Хейвард спусціўся з парослых травой прыступак бастыёна, шпарка прайшоў пляц і праз некалькі хвілін апынуўся перад Мунро. Палкоўнік вялізнымі крокамі хадзіў узад і ўперад па свайму цеснаму памяшканню; хваляванне адлюстроўвалася на яго твары.

— Вы папярэдзілі маё жаданне, маёр Хейвард, — сказаў ён, — я толькі што збіраўся прасіць вас прыйсці да мяне.

— На жаль, я бачыў, сэр, што пасланец, якога я так горача рэкамендаваў вам, вярнуўся пад вартай француза. Спадзеючыся, няма прычын сумнявацца ў яго вернасці?

— Я даўно ведаю вернасць Доўгага Карабіна, — адказаў Мунро, — і аб падазрэнні яго не можа быць і гутаркі, але, здаецца, заўсёднае шчасце здрадзіла яму. Манкальм захапіў нашага разведчыка і дзякуючы праклятай далікатнасці сваёй нацыі прыслаў яго да мяне са словамі, быццам ён, «ведаючы, як цаню я гэтага чалавека, не можа затрымаць яго ў сябе».

— Але дапамога ад генерала Вэба?..