Старонка:Апошні з магікан.pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вы разумееце, што гэтымі славамі Аліса хоча выказаць, як мы ўдзячны вам, як мы вас благаслаўляем, — дадала сур’ёзная і больш стрыманая Кора. — Праўда, мы крышку здзівіліся, чаму вы так упарта ўнікаеце цяпер дома, у якім вас чакае не толькі ўдзячнасць дачок, але таксама ўдзячнасць і іхнага бацькі.

— Ваш бацька пацвердзіць вам, што хоць я і не быў з вамі, я не зусім забыўся на вашу бяспеку, — адказаў малады чалавек. — Усе гэтыя дні адбывалася жорсткае змаганне за авалоданне вунь той вёскай, — дадаў ён, паказваючы на суседні з фортам і абкружаны акопамі лагер. — Той, хто завалодае ёю, можа з упэўненасцю сказаць, што ён завалодае і фортам, і ўсім, што ў ім знаходзіцца. З моманту нашай разлукі я праводзіў там усе дні і ночы, бо лічыў, што ў гэтым заключаецца мой абавязак. Але, — казаў далей Дункан са смуткам, які дарэмна стараўся затаіць, — калі-б я ведаў, што мой учынак, які я лічыў абавязкам салдата, будзе вытлумачаны як бегства, вядома, мне сорамна было-б паказвацца вам на вочы.

— Хейвард! Дункан! — усклікнула Аліса, нахіляючыся, каб угледзецца ў панураны твар маёра. Адзін з залацістых локанаў упаў на зачырванелую шчаку маладой дзяўчыны і часткова схаваў слёзы, якія паказаліся на яе вачах. — Калі-б я думала, што мая пустая балбатня так засмуціць вас, я лічыла-б за лепшае анямець. Кора можа сказаць, у якой вялікай ступені і як справядліва