Старонка:Апошні з магікан.pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ёзна і ўрачыста; гэтая гутарка не была падобнай да іх першай шумнай нарады. Хутка галасы чырвонаскурых пачалі заціхаць і, нарэшце, канчаткова, загубіліся ў глыбіні лесу.

Сакалінае Вока жэстам прапанаваў Хейварду вывесці коней з пабудовы і дапамагчы Алісе і Коры сесці ў сёдлы.

Потым маленькі атрад бясшумна крануўся ў дарогу. Маладыя дзяўчаты палахліва азіраліся на магілу гуронаў і на стары блокгауз, і іх трывога асабліва ўзмацнілася, калі, пакінуўшы ззаду асветленую месяцам лугавіну, яны паглыбіліся ў густую цемру лесу.


РАЗДЗЕЛ XIV

Сакалінае Вока зноў заняў месца наперадзе маленькага атрада, але цяпер, нават пасля таго, як паміж ім і яго ворагамі была ўжо дастаткова вялікая адлегласць, паляўнічы ішоў значна менш упэўнена, чым у папярэднім пераходзе: ён, як відаць, зусім не ведаў гэтага ўчастку лесу. Не раз ён спыняўся, каб параіцца з магіканамі, паказаў ім на месяц, альбо ўважліва аглядаў кару дрэў. У часе такіх кароткіх прыпынкаў Хейвард і Кора з Алісай напружвалі свой слух, які стаў вострым дзякуючы ўсведамленню небяспекі, і стараліся злавіць якія-небудзь адзнакі, што маглі папярэдзіць іх аб набліжэнні лютых гуронаў. Але вялікая лясная прастора, здавалася, была ахутана вечным сном; з лесу не даносілася ніякіх гукаў, апрача далёкага, ледзь чутнага цурчання ручая.