Старонка:Апошні з магікан.pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

добнымі да здзіўленых аленяў, дапытлівасць якіх змагаецца з трывогай. Нага аднаго з гуронаў ступіла на маленькі зялёны ўзгорак, і ён нагнуўся, каб разгледзець яго. У гэты момант Хейвард убачыў, што Сакалінае Вока выняў нож і апусціў дула сваёй стрэльбы. Малады чалавек зрабіў тое-ж самае і падрыхтаваўся да барацьбы, якая здавалася немінучай.

Цяпер гуроны былі так блізка, што ўсякі рух каня, або ўздых чалавека выявілі-б бегляцоў. Аднак, зразумеўшы, які ўзгорак знаходзіўся пад іх нагамі, гуроны пачалі ажыўленую гутарку паміж сабою: іх галасы былі ціхімі і ўрачыстымі; здавалася, чырвонаскурых ахапіла пачуццё пашаны, блізкае да страху. Змоўкшы, дзікуны асцярожна адышлі, не спускаючы вачэй з руін блокгауза, нібы чакалі, што з-за маўклівых сцен з’явяцца здані; нарэшце, яны павольна зніклі Ў маладым гаю.

Сакалінае Вока апусціў на зямлю прыклад сваёй стрэльбы і, глыбока ўздыхнуўшы, прамовіў выразным шэптам:

— А, яны паважаюць мёртвых, і гэта выратавала іх уласнае жыццё, а можа таксама і жыццё людзям, лепшым за іх.

Хейвард уважліва глянуў на паляўнічага, але нічога не адказаў і зноў павярнуўся ў бок дзікуноў, якія ў гэтую хвіліну цікавілі яго больш за ўсё. Ён пачуў, як двое гуронаў вышлі з кустоў, і хутка зразумеў, што астатнія чырвонаскурыя абкружылі сваіх таварышоў і ўважліва слухаюць іх апавяданне. Некалькі хвілін яны размаўлялі сур’-