Старонка:Апошні з магікан.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у якім неасцярожныя дзікуны паклалі ўсю сваю зброю. У наступны момант паказаўся Сакалінае Вока. Ён не паспеў зарадзіць зноў сваю ўлюбёную стрэльбу, а проста рушыў на гуронаў, трасучы ёю, як дубінай, і шпарка набліжаючыся да аслупянелых чырвонаскурых. Але, як ні жвавы быў яго рух, лёгкая, дужая фігура апярэдзіла разведчыка, з надзвычайнай адважнасцю кінулася ў самую сярэдзіну натоўпу гуронаў і спынілася каля Коры, размахваючы ў паветры тамагаукам і трасучы бліскучым нажом. Перш чым гуроны апамяталіся, другая фігура апынулася сярод іх, фігура, падобная да ўвасаблення смерці. Яна праслізнула міма аслупянелых індзейцаў і з грозным выглядам спынілася з другога боку Коры. Дзікія каты белых мімаволі адступілі перад гэтымі ваяўнічымі прышэльцамі. Прагучэлі дзіўныя ўсклікі, потым пачуліся імёны, страшныя для гуронаў:

— Быстраногі Алень! Вялікі Змей!

Толькі асцярожны і пільны Магуа не збянтэжыўся. Зоркім позіркам ён агледзеў маленькую пляцоўку, адразу зразумеў, з якога боку быў зроблены напад, і, падбадзёрваючы сваіх таварышоў голасам, а таксама ўласным прыкладам, агаліў свой доўгі востры нож, потым з працяглым крыкам кінуўся на Чынгачгука. Гэты рух з’явіўся знакам для пачатку агульнай бойкі. Ні той, ні другі бок не меў агнястрэльнай зброі, і барацьба вялася ўрукапашную.

Ункас, адказаўшы на кліч ворага, кінуўся на аднаго з гуронаў і трапным ударам тамагаука