Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КАЛЯ БАЛОТА.

На шырокім, бязьмежным прасторы людзкое зямелькі палюбоўна разьлегліся вузкія й шырокія палосы ніў, увабраныя ў зялёную рунь і апавітыя чорнымі й сінімі стужкамі частага й рэдкага лесу.

Сям-там і на палосах былі раскіданы кучкі крывога хвойніку, ельніку: часамі сям-там пракідалася й бярэзінка-сірацінка. І выглядалі гэтыя хваінкі, ялінкі й бярэзінкі выгнаньнікамі; іх узрок імкнуўся да гушчы і, здаецца, хістаючыся, яны прасіліся прыняць іх у сваю сям’ю. Нялюбы былі ім гэтыя прасторы яшчэ й затым, што пасярэдзіне іх было вялікае гнілое балота. Затхласьць ад яго далёка разносілася навокал, але не далятала да чорных і сініх стужак.

А балота даўно, даўно стаяла тут і ўсё ў ваднэй меры. Ні вецер, ні сонца не маглі сваім цалаваньнем паменшыць яго тут панаваньня. Ні чыя-ж другая рука ня кратала гэтае багны, і яно, як мярцьвяк, з нарастамі дзікімі ляжала пакойнае, зацягнутае тоўстым пластам рыжае бросьні.