Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гніем мы дарма тут, — часта шапталі бярэзінкі сваім суседкам хваінкам.

— А гэты яшчэ злосны вецер, — адбівалася ялінка ад подыху з балота. Яна цешылася толькі тады, калі вецер прыносіў радасны шум ад далёкай пушчы, што стужкай хвалявалася на ўзьмежку неба і зямлі.

Кожнаму рупіла сваё. Адно цешылася з таго, з чаго другое нудзіла, з чаго другое нашчэнт усыхала. Адно — ялінка, другое — бярэзінка. Ялінка ўпівалася сягоньнешнім, бярэзінка на яго страціла надзею.

— Мне лепш падабаецца балотны вецер, — адхіляючыся матала яна тонкімі галінамі.

— Я-ж вытрываць не магу, — казала на тое ялінка.

А хваінкі?..

Яны былі ні туды, ні сюды. Страцілі ўжо ўсякія надзеі, і над купчастымі шапкамі — часта відаць было — каціліся з воч кропелькі сьлёз. Яны здалёк толькі любаваліся на сваіх сёстраў у бары — стройных і высокіх — і думалі пра сябе:

— Нам ня быць такімі.

І плакалі.

Ня тое думала старэнькая бярэзінка, калі гаварыла: „мне падабаецца балотны вецер“.

Яна шмат год пражыла на вузкай палосцы, якая ўпіраецца ў самае балота. Яна шмат бачыла на сваім вяку, яна шмат нацярпелася ад балота. Шмат асыпалася насеньня з яе, і шмат яго праглынула гэтая багна.