Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І так з думкамі пасуквала і пасуквала кудзельку. Верацёнца журчэла і ценьню доўгаю прабягала па доле.

Лучынка за лучынкаю згарала. На зямлі ўжо шмат нападала вугалёў. А матка не лажылася. Ужо і пеўні другія прапелі, а яе сон не бярэ.

Сын… адзін ён у яе на вуме.

І хвілінамі ёй страшна рабілася. Клала яна верацяно, і вочы яе ўзьнімаліся на покуць. А адтуль ласкава на яе пазіраў лік маткі з сынам на руках. Ёй хацелася і плакаць і маліцца… І вусны міжвольна шапталі: „багародзіца“…

Потым жадалася разагнаць усе думкі, і яна ўтульвала твар свой у хвартух, а сьлёзы — матчыны сьлёзы — каціліся на яго. То зноў яна бралася за верацяно і напявала сабе нудную песьню, хоць хвілінамі і жадалася вясёлай.

А за хаткай была ноч.

ІІ.

Здавалася, усюды было ціха. Але гэта толькі здавалася.

Лясны гушчар ня любіць цішы. І там, дзе калісь гулі й балі спраўляла ўсякая нечысьць, дзе лясун адчыняў свае харомы на ігрышча-гульбішча для лясных начных жыхароў, там гудзела грамада дня. Яна, загнаная сюды ласкаю ўладароў дня, тут вяла бойкую нараду аб тым, каб зноў вярнуцца ка дню, каб бачыць прыветлівае сонейка, пад ласкі якога