Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Апошнія словы.

І праглынула яго ціш і цемень задзьвернае ночы.

А матка паправіла лучыну і села за прасьніцу.

Сон ад яе адышоў. Ня плюшчыліся вочы. Думкі не давалі супакою і пад журчаньне вераценца кружыліся-снаваліся, як тая нітачка ад кудзелі.

„Пашоў, а куды? — і ня спытала. Ходзіць недзе і ходзіць. Дадому калі-ні-калі толькі паказваецца. Што гэта з усяго будзе. Штораз ён мяне пацяшае сваімі размовамі, а што будзе, хто ведае. Нек, ня зносіць мой розум яго гутарак. Але-ж і шкода нек і злосьць часамі на яго. Навошта я яго сёньня ўпікнула. Хай робіць, што хоча, можа ён і лепш ведае. Ня буду больш нічога яму казаць. Але-ж, і Гануля казала, што і яе вось гэтакі, як мой“…

Прамігнуліся прад ёю вобразы хлопцаў, тых, што цяпер хаваліся ад жандараў. Перадумалася ўсё, што хто калі казаў пра яе сына, як адны лаюць ды гавораць, што праз яго ласку ўсе беды на сяло.

— Каб калі ён у мае рукі папаўся, годзі-б было яму тут людзей чмуціць.

Успомнілася, як адзін раз прад людзьмі крычаў Нічыпар; успомнілася, як заступаўся за яе сына Сымон і, міжвольна ў думках яна пакляла Нічыпара і сьветлаю думкаю апавіла Сымона.