Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Пакараў мяне бог. Колькі вас мела, мае вы дзетачкі, усе мяне пакінулі, Адзін ты астаўся… Хай-бы ён лепш маленькі задушыўся… Сэрца маё разрываецца, а ён назнарок… Назнарок нарэзвае нарэзанае й без таго… Ці я цябе, мой сынок, ня любіла, ці я цябе мой сынок не даглядала… Колькі ночак над табою прастаяла. Думала прычакаць пацехі на старасьць… А ён…

Мацней прытуліла хвартух да вачэй.

А сын шмаргануў настольнік, і ўзрок яго супыніўся на лучынцы. Ня сьлёзы на вочы набягалі. Даўно ўжо высушыў ён іх. Іскры-воблеск ад патрэскваючай сіняй лучынкі мігаліся ў іх.

— Эх, гэтыя сьлёзы! Ці-ж ня вы мяне штурханулі на няведаную мне дагэтуль дарогу? Вы — жала пчалінае, — нібы пра сябе шапталіся вусны.

— Я вырваць яго хачу, — прагучэла ад грудзей сына.

Схамянуўся, падышоў да маткі.

Адарваў хвартух ад вачэй і прысланіўся да матчынага твару.

— Пакінь, мамка, плакаць, на мяне наракаць і праклінаць. Досыць сьлёз пралілося і бяз гэтага… Ня ўжо ты думаеш, што мне ня шкода цябе, тваёй старасьці, тваіх сівых валасоў? Няўжо ты думаеш, што я твой непрыяцель, непрыяцель свайго дому? Няўжо ты думаеш, што ў мяне ня сэрца ў грудзёх? Мама, як ты плачаш, — шчыміць, ой, моцна шчы-