Перайсці да зместу

Старонка:Антыгона (Сафокл) пер. з старагрэч. мовы Ю.М. Дрэйзіна.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

УСТУП

Ідэолёгія эпохі ёсьць надбудова на яе экономічнай падставе. Гэтае палажэньне, якое даўно ўжо зрабілася для нас азбучнаю ісьцінай, выпраўдываецца ўва ўсе эпохі гісторыі чалавецтва, якія-б далёкія яны ня былі-б ад нашага часу. Але і экономічная падстава ня ёсьць таксама першапачатковае зьявішча. І яна залежыць ад шмат якіх варункаў, паміж якіх у першую чаргу трэба назваць умовы прыродныя,—варункі географічныя, кліматычныя, глебавыя і г. п.

Быў у гісторыі эўропэйскага чалавецтва час, аб якім і дагэтуль эўропэйскае чалавецтва марыць, як аб залатым веку ў некаторых адносінах. Гэта было пятае стагодзьдзе перад нашаю эраю, калі маленькі, але гэніяльны народ, грэкі, утварыў усё тое ў галіне, галоўным чынам, літаратуры, будаўніцтва і разьбярства, утварыў тую вялікую старагрэцкую культуру, што ляжыць у васнове агульна-эўропэйскага культурнага разьвіцьця. У гэты час утварыўся той спэцыфічна старагрэцкі сьветапагляд, які яшчэ і дагэтуль родніць нас, людзей XX веку, са старажытнымі грэкамі.