Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сту, на плячы блакітны шалік, а на грудзях — бліскучая брошка, такая вялікая, як галава самой дзяўчынкі. Красуня стаяла на адной ножцы, выцягнуўшы рукі,—яна была танцаўшчыцай. Другую нагу яна падняла так высока, што наш алавянны салдацік зусім не заўважыў гэтай нагі і падумаў, што красуня таксама аднаногая, як і ён сам.

"Вось-бы мне такую жонку!" падумаў алавянны саддацік.

"Ды толькі яна, мусіць, знатнага роду. Вунь у якім цудоўным палацы жыве. А мой дом—простая каробка, ды яшчэ напхалася нас у гэтую каробку аж дваццаць пяць салдат. Не, ёй там не месца! Але пазнаёміцца з ёй усё-ж такі не шкодзіць”.

І салдацік схаваўся за табакеркай, што стаяла тут-жа на стале. Адсюль ён вельмі добра бачыў прыгожую танцаўшчыцу.

Позна ўвечары ўсіх алавянных салдацікаў, апрача аднаногага,—яго так і не маглі знайсці,—паклалі ў каробку, і ўсе людзі ў доме паляглі спаць. І вось, калі стала ціха, цацкі самі сталі гуляць у госці, у вайну, а потым наладзілі баль. Алавянныя салдацікі стукалі ў сценкі каробкі—яны таксама хацелі пайсці пагуляць, ды ніяк не маглі прыпадняць крышку. Нават шчалкунчык пачаў куляцца, а грыфель пайшоў скакаць па грыфельнай дошцы. Узняўся такі шум і гам, што ў клетцы прачнулася канарэйка і таксама загаварыла, ды яшчэ вершамі.

Толькі аднаногі салдацік і танцаўшчыца не рухаліся з месца. Яна па-ранейшаму стаяла на адной ножцы, выцягнуўшы рукі наперад, а ён застыў са стрэльбай у руках, як вартавы, і не зводзіў вачэй з красуні.

Прабіла дванаццаць. І раптам — шчоўк! — расчынілася табакерка.

У гэтай табакерцы табак ніколі не трымалі, а сядзела ў ёй малое чарцянё. Яно выскачыла з табакеркі і азірнулася навакол.

— Эй, алавянны салдацік!- крыкнула чарцянё.- Чаго ты ўтаропіўся на плясуху? Яна занадта добрая для цябе.

Але алавянны салдацік прыкінуўся, нібы нічога не чуе.