Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яна-ж адчула маленькую гарошыну праз дваццаць матрацаў і дваццаць пярын. Толькі сапраўдная прынцэса магла быць такой далікатнай.

І прынц ажаніўся з ёй.

А гарошыну адправілі ў музей. Там яна і да гэтага часу ляжыць, калі толькі хто-небудзь не ўзяў яе.

Дык вось якія справы бываюць на свеце!


Свівапас

Жыў-быў бедны прынц. Каралеўства ў яго было малюсенькае, але ўсё-такі гэта было каралеўства, і трэба было падумаць аб каралеве. І вось прынц парашыў ажаніцца.

Ён паходзіў з слаўнага каралеўскага роду, і сотні прынцэс, — праўда, з тых, што былі бяднейшыя і прасцейшыя, — з прыемнасцю пайшлі-б за яго замуж. Але ён хацеў ажаніцца з дачкой самога імператара.

Зразумела, да дачкі імператара нельга было прыйсці і сказаць: хочаш пайсці за мяне замуж?

Гэта было-б надта смела,—за такую дзёрзкасць яго, мусіць, выгналі-б з палаца.

Не, трэба было прыдумаць што-небудзь хітрэйшае.

У садзе прынца, на магіле яго нябожчыка-бацькі, вырас ружавы куст незвычайнай пекнаты. Цвіў гэты куст толькі адзін раз за пяць гадоў, і распускалася на ім адна-адзіная ружа. Затое яна была такая прыгожая і так салодка пахнула, што, нюхаючы яе, можна было забыцца на ўсё сваё гора і турботы. А яшчэ быў у прынца салавей, які так цудоўна спяваў, нібы ў яго горле былі схаваныя самыя лепшыя песні, што бываюць на свеце.

І вось прынц парашыў паслаць ружу і салаўя ў падарунак прынцэсе. Ружу палажылі ў вялікую срэбную шкатулку, салаўя пасадзілі ў другую, і абедзве шкатулкі адаслалі ў палац імператара.