Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ужо надыходзіць халодная зіма, —сказала ластаўка, — і я паляту далёка-далёка, у цёплыя краі. Хочаш ляцець са мной? Садзіся мне на спіну,— толькі прывяжы сябе мацней поясам, — і мы паляцім з табой ад брыдкага крата, паляцім далёка, за сіняе мора, дзе сонейка свеціць ярчэй, дзе заўсёды лета і цвітуць цудоўныя кветкі. Паляцім са мной, мілая крошка! Ты-ж выратавала мне жыццё, калі я замярзала ў цёмнай, халоднай яме.

— Але, але, я паляту з табой! — сказала Дзюймовачка.

Яна села ластаўцы на спіну, працягнула ножкі на яе хвост і моцна прывязала сябе поясам да самага вялікага пяра.

Ластаўка ўзнялася стралой і паляцела над цёмнымі лясамі, над сінімі марамі і высокімі горамі, пакрытымі снёгам. Тут было вельмі холадна, і Дзюймовачка ўся закапалася ў цёплыя пер'і ластаўкі, а высунула толькі галаву, каб любавацца прыгожымі мясцінамі, над якімі яны праляталі.

Але вось і цёплыя краі! Тут сонца ззяла значна ярчэй, неба было ўдвая вышэй, як у нас, а каля равоў і плятнёў віўся цудоўны зялёны вінаград. У лясах раслі памеранцы і лімоны, пахла міртамі і душыстай мятай, а па дарожках бегалі вясёлыя дзеці і лавілі вялікіх яскравых матылькоў. Але ластаўка ляцела ўсё далей.

На беразе цудоўнага блакітнага возера, сярод зялёных кучаравых дрэў стаяў старажытны белы мрамарны палац. Вінаградныя лозы абвівалі яго высокія калоны, а наверсе, пад дахам, ляпіліся птушыныя гнёзды. У адным з іх і жыла ластаўка,

— Вось мой дом!— сказала ластаўка. — А ты выберы сабе самую прыгожую кветку ўнізе, я пасаджу цябе туды, і ты будзеш жыць, як лепей не трэба.

Дзюймовачка абрадавалася і ад радасці запляскала ў далоні.

Унізе ляжалі кавалкі белага мрамара, — гэта звалілася верхавіна адной калоны і разбілася на тры кавалкі, - паміж мрамарнымі абломкамі раслі вялікія белыя кветкі. Ластаўка спусцілася і пасадзіла дзяўчынку на шырокую пялёстку, Але што за цуд такі! У чашачцы кветкі сядзеў маленькі чалавечак беленькі і празрысты, быццам ён быў з шкла. За пля