Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

стала ля парога, як жабрачка, і папрасіла даць ёй кавалачак ячменнага зерня, бо яна два дні нічога не ела.

— Ах ты, небарака!- сказала палявая мыш (яна была, па сутнасці, добрая баба). — Ну, ідзі сюды, пагрэйся ды пад'еш са мной!

І Дзюймовачка спусцілася ў норку, абагрэлася і пад'ела.. Старой мышы дзяўчынка вельмі спадабалася, і яна сказала ёй:

— Аставайся ў мяне на зіму. Я буду карміць цябе, а ты даглядай добра мой дом ды расказвай мне казкі, — я вельмі людлю казкі.

І Дзюймовачка стала рабіць усё, што загадвала ёй старая мыш. Ёй жылося вельмі добра ў цёплай мышынай норцы.

— Скора ў нас будуць госці, — сказала аднойчы палявая мыш. - Раз у тыдзень прыходзіць наведаць мяне мой сусед. Ён вельмі багаты і жыве куды лепш за мяне. У яго вялікі дом пад зямлёй, і ён носіць цудоўную чорную футру. Выходзь, дзяўчынка, за яго замуж! Ужо-жза ім ты не прападзеш. Адна толькі бяда: ён зусім сляпы і не ўбачыць цябе. Затое ты будзеш расказваць яму самыя лепшыя казкі, якія толькі ведаеш.

Але Дзюймовачцы зусім не хацелася выходзіць замуж за суседа,—гэта-ж быў крот.

Хутка крот і сапраўды прышоў у госці да палявой мышы. Ён быў такі паважны, вучоны і багаты; шуба на ім была бархатная і вельмі прыгожая.

Дом у яго быў у дваццаць разоў большы, чым дамок. палявой мышкі. Там было многа вялікіх пакояў і доўгіх калідораў, але сонца ніколі не заглядвала туды. Крот цярпець не мог сонца і кветак, — ён-жа ж іх ніколі не бачыў.

Дзюймовачку прымусілі спяваць для важнага госця, і яна праспявала дзве песенькі, ды так хораша, што крот адразу палюбіў яе. Але ён не сказаў ні слова, — ён быў такі сур'ёзны і салідны пан.

А потым крот пракапаў пад зямлёй доўгі падземны ход ад свайго дома да самай норкі палявой мышы і запрасіў старую мыш з Дзюймовачкай прайсціся па гэтым падземным ходзе.