Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Коакс, коакс, брэкке-ке-кекс!—толькі і мог сказаць сынок.

Жабы ўзялі шкарлупіну і паплылі з ёй, а Дзюймовачка засталася на зялёным лісце і горка-горка заплакала, — ёй зусім не хацелася жыць у брыдкай жабы і выходзіць замуж за яе агіднага сына.

Маленькія рыбкі, якія плавалі пад вадой, бачылі жабу і яе сына і чулі, што яна казала Дзюймовачцы. Яны высунулі з вады свае галовы, каб паглядзець на малюсенькую нявесту. Як толькі рыбкі ўбачылі Дзюймовачку, ім стала вельмі шкада, што такой прыгожанькай дзяўчынцы прыдзецца жыць з жабамі. Не бываць-жа гэтаму! Рыбкі з усёй рэчкі падплылі да ліста куўшынкі, на якім сядзела Дзюймовачка, і перагрызлі сцебялёк ліста.

І вось ліст куўшынкі паплыў па цячэнню. Цячэнне было моцнае, і ліст з дзяўчынкай плыў вельмі хутка. Цяпер жаба ніяк не магла-б дагнаць Дзюймовачку.

А Дзюймовачка плыла ўсё далей, і маленькія птушкі, якія сядзелі ў кустах, глядзелі на яе і спявалі:

— Якая прыгожанькая маленечкая дзяўчынка!

Прыгожы белы матылёк увесь час лётаў вакол Дзюймовачкі і нарэшце апусціўся на ліст, - надта ўжо спадабалася яму маленькая дзяўчынка. Тады Дзюймовачка зняла з сябе пояс, адзін канец накінула на матылька, а другі прывязала да свайго лістка, і лісток паплыў яшчэ шпарчэй.

Раптам міма праляцеў майскі жук. Ён убачыў Дзюймовачку, схапіў яе і занёс на дрэва, а зялёны ліст куўшынкі паплыў далей, і з ім матылёк, — ён-жа ж быў прывязаны і не смог вызваліцца.

Бедная Дзюймовачка вельмі спалохалася, калі жук схапіў яе і паляцеў з ёю на дрэва. Але майскаму жуку і гора было мала. Ён усеўся высока на дрэве, пакарміў Дзюймовачку салодкім кветкавым сокам і сказаў ёй, што яна яму вельмі падабаецца, хоць яна і зусім непадобная да майскага жука.

Потым да іх прышлі ў госці другія майскія жукі, якія жылі на тым-жа дрэве. Яны разглядалі Дзюймовачку ад галавы да ног, а жучкі-паненкі паціскалі шчупальцамі.

— У яе толькі дзве ножкі!—сказалі адны.