Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

парозе стаяла красуня-танцаўшчыца. Яна стаяла па-ранейшаму на адной ножцы, высока падняўшы другую. Вось гэта дык стойкасць!

Алавянны салдацік так расчуліўся, што з вачэй яго ледзь не пакаціліся алавянныя слёзы, але паспеў успомніць, што салдату плакаць не падабае. Не міргаючы, глядзеў ён на танцаўшчыцу, яна глядзела на яго, і абодва маўчалі.

Раптам адзін з хлопчыкаў схапіў алавяннага салдаціка і ні з сяго, ні з таго шпурнуў яго прама ў печку. Мабыць яго падгаварыла злоснае чарцянё з табакеркі.

У печцы ярка палалі дровы, і алавяннаму салдаціку зрабілася надта горача, ад агню ці ад кахання-ён і сам не ведаў. Фарбы з яго зусім зышлі, ён увесь зліняў,—можа ад прыкрасці, а можа ад таго, што пабываў у вадзе і ў страўніку рыбы. Але і тут ён трымаўся прама, сціскаў сваю стрэльбу і не зводзіў вачэй з чароўнай плясухі, а плясуха глядзела на яго. І раптам салдацік адчуў, што ён растае ў агні.

У гэтую хвіліну дзверы ў пакоі расчыніліся насцеж, скразны вецер падхапіў прыгожую танцаўшчыцу, і яна, як матылёк, паляцела ў печку—прама да алавяннага салдаціка. Полымя абхапіла яе, яна ўспыхнула—і канец. Тут ужо і алавянны салдацік зусім расплавіўся.

На другі дзень служанка стала выграбаць з печкі попел і знайшла маленькі камячок волава, падобны да сэрцайка, ды абгарэлую, чорную, як вугаль, брошку. Гэта было ўсё, што асталося ад стойкага алавяннага салдаціка і яго цудоўнай плясухі.

Штопальная іголка

Жыла-была штопальная іголка. Яна так высока задзірала свой востры носік, нібы была па меншай меры тонкай швейнай іголкай:

— Асцярожней!—сказала яна пальцам, якія вымалі яе з каробкі.—Не выпусціце мяне! Калі я ўпаду, то, вядома, згублюся. Я надта тонкая.