Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бачылі такога зьвера. Ня менш зьдзівіліся і «беламу дому», які гэты мул прывёз на сваёй сьпіне і нават так, што зусім і ня відаць было яго, а цяпер вунь якая будыніна стаіць.

Паляцелі чуткі ад хаты да хаты і даляцелі да царквы, якая стаяла далёка на другім канцы пасёлку. А далей пачыналася вобласьць «табу»[1]. Але для чутак няма ніякіх «табу». Яны пераляцелі на забароненую тэрыторыю і ўсхвалявалі 40 несьмяротных мужоў.

Там за царквой, у цяністым гаі, было іхнае жыльлё, выдзеўбанае ў скалах. Блытаныя калідоры разыходзіліся ва ўсе бакі і злучалі розныя пакоі: і паасобныя для аднаго ці двух чалавек, і агульныя, вялізныя. Тут былі і каморы-кладоўкі, паўнюсенькія рознага дабра: рысу, мукі, бабоў, пладовага віна, масла і г. д.

Але самым цікавым было тое, што ўсе гэтыя пакоі і калідоры асьвятляліся роўным сьвятлом. Бамбукавыя трубкі разыходзіліся ва ўсе бакі і адводзілі з нейкай агульнай крыніцы газ. А крыніцай гэтай была падземная нафта, якая ў значнай колькасьці знаходзіцца на Малайскіх астравох[2]. Каб канцы трубак не гарэлі, на іх былі прыладжаны гліняныя наканечнікі.

Будынкі гэтыя знаходзіліся крокаў за сто ад царквы і зусім хаваліся ад людзкога вока. Апрача таго ад задняй сьцяны царквы ў абодва бакі цягнулася сьцяна, якая і вызначала мяжу «табу». Але сьцяна гэтая была вельмі ўмоўная: калі ля самай царквы яна яшчэ і мела выгляд сапраўднай сьцяны, дык далей было проста накідана каменьне, якое ніякай перашкодаю для чалавека не магло быць, а далей ужо нічога ня было. Ды гэтага і не вымагалася: не каменьні абаранялі жрацоў ад людзкой цікавасьці, а жудаснае слова «табу» ды кара сьмерцю.

Ад уваходу ў падземнае памяшканьне разыходзіліся галярэі, якія вялі ў падземныя пакоі, адна з іх нават злучалася з царквою. З боку пасёлку царква мела агульныя дзьверы для народу, але сама сьвятая братва ўваходзіла ў царкву з задняга боку праз свой падземны ход. Праз гэты-ж ход «зьнікала» з царквы і ўсё тое дабро, што ахвяраваў народ вялікаму богу Багара Тунгалю, і якое нарэшце зьбіралася ў падземных складах.

Святыя д’елемы[3] жылі тут адны, як манахі. Але ў пасёлку яны мелі досыць сем’яў, нават больш, чымся трэба. Кожны лічыў за гонар парадніцца з сьвятым чалавекам.

  1. „Табу“ — старадаўні, але досыць распаўсюджаны нават да нашага часу спосаб абдурваць людзей. Каб надаць страху народу, таемнасьці і вагі жрацом, — абвяшчаецца якое-небудзь месца (гара, гай, будынак, нават асобныя рэчы) сьвятым. Ніхто з простага народу ня мае права падысьці туды, ці дакрануцца да рэчы. Парушыцелі „табу“ караюцца сьмерцю.
  2. Такі самы газ ёсьць і ў нас на Каўказе. Паміж іншым, на ім працуе вядомая шкляная гута ў Дагестане — „Дагестанские огни“. Ля Баку ёсьць руіны цэркваў старадаўняга народу парсаў, якія таксама выкарыстоўвалі такі газ.
  3. „Людзі, якія захоўваюць веру дзядоў“. Рэшта бадувіскага народу таксама лічыцца д‘елема, але не сьвятымі.
 

86