Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яны ніяк не маглі дапусьціць думкі, што гэткі атрад ды яшчэ з «оранг путіх» (белы чалавек) і мулам, — маглі накіроўвацца менавіта да іх. Але госьці спыніліся ля іх хаты і Хаон сказаў:

— Добры дзень, Того! Прымай гасьцей.

Гэтыя словы яшчэ больш зьдзівілі гаспадароў, бо нікога з прыбыўшых яны ня ведалі, а між тым пачулі сваё імя. Хаона, які ляжаў высока на насілках, яны пазнаць не маглі.

— Ну, што дзівішся? — зноў сказаў Хаон. — Ці не пазнаеш Хаона?

Цяпер ужо Того пазнаў яго. Тымчасам падышлі бліжэйшыя суседзі і ўтаропілі свае вочы ў нязвычайных гасьцей.

З надворнага выгляду ўвесь гэты народ ствараў добрае ўражаньне. Высокія, складныя, хоць і сухашчавыя постаці выяўлялі трываласьць. Ды яшчэ кідалася ў вочы, што колер скуры іх быў значна сьвятлейшы ад іншых явайцаў. Мусіць, гэта было вынікам шматвяковага жыцьця на горах. Апрануты яны былі ў звычайныя саронгі, толькі ў большасьці саматканыя.

Можна было яшчэ заўважыць, што рухі іх былі больш стрыманыя, ня гэтак жвавыя, як яно звычайна бывае ў іншых падобных да іх людзей. Дзівіліся яны на незнаёмых людзей неяк паважна, сур’ёзна, нібы абмяркоўваючы, якія могуць быць з гэтай гісторыі вынікі.

Гэтых бадувісаў трэба лічыць самым чыстым карэнным насельніцтвам Явы[1], бо яны і дагэтуль захаваліся такімі, якімі былі 500 год назад. У той час, як акаляючае насельніцтва даўно ўжо зьмяшалася з малайцамі, індусамі, арабамі.

Того прапанаваў гасьцём сваю хату, але адразу было відаць, што ўсе пяць чалавек у ёй ня зьмесьцяцца; тут зноў дапамагла Піпава палатка.

І нарэшце, усе былі задаволены, як госьці, таксама і гаспадар, бо на выпадак абвінавачаньня яго ў цеснай сувязі з нечасьцівымі чужынцамі, ён мог адказаць, што яны толькі спыніліся ля яго хаты.

Того паклікаў нейкага старога дзеда, які палажыў на рану Хаона нейкіх зёлак. Тымчасам надышоў вечар і змораныя падарожнікі паснулі, як забітыя.

А ў гэты час ад хаты да хаты паляцелі чуткі аб нязвычайных госьцях. Апрача «оранг путіх» зьдзівіў яшчэ і мул, які носіць на сваёй сьпіне цяжар. Большасьць бадувісцаў нават ні разу ня

  1. Уласна кажучы, явайцамі завецца насельніцтва ўсходняй паловы Явы. Жыхары-ж заходняй паловы, у тым ліку і гэтыя бадувісы, адносяцца да сунданскага племя. Адрозьніваюцца і мовы пляменьняў усходняй і заходняй часткі. На крайнім усходзе жыве яшчэ трэцяе племя — мадурскае. Ды яшчэ ёсьць асобныя раёны, дзе жывуць малайцы. Такім чынам, мы бачым, што насельніцтва Явы зусім не зьяўляецца аднолькавымі „малайцамі“, як гэта звычайна ў нас думаюць. Мовы іх адрозьніваюцца адна ад другой, як у нас расійская, беларуская, украінская і інш. славянскія. А з працягам часу стварыліся яшчэ мяшаныя мовы: сунданская з явайскай, явайская з мадурскай і г. д.
 

85