Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А ці можна было-б нам наведаць іх? Не забіваюць яны ўсіх чужынцаў?

— Не, бяз прычыны не нападаюць, асабліва, калі з імі абысьціся лагодна. Але наогул на чужынцаў глядзяць скоса.

Усё гэта так зацікавіла Піпа, што ён нават забыўся аб сваіх тыграх. Ён парашыў абавязкова наведаць гэтых бадувісаў.

— Няўжо-ж наша ўлада ніколі не прабавала падпарадкаваць іх? — пытаўся ён далей.

— Прабавалі. Нават налажылі на іх падатак. Але што з іх возьмеш? Дабраахвотна ніхто не панясе, хоць-бы і затым, што нічога ня маюць. Пасылалі салдат, дык жыхары ўсе паўцякалі. А трымаць там салдат заўсёды, — няма рацыі, бо трэба ім дастаўляць усё неабходнае для жыцьця, а дзеля гэтага трэба цягнуцца дні тры па гэтых пушчах, балотах ды горах.

Толькі пад вечар наблізіліся яны да патрэбнага ім месца. Каб не спалохаць зьвера, зрабілі прывал за поўкілёмэтра ад яру. Але ўсе былі так стомлены, што самае паляваньне прышлося адкласьці на другі дзень.

Удзень пашлі на разьведку, каб абмеркаваць плян паляваньня.

— Мат’ян хітры і небясьпечны зьвер, — казаў Хаон. Трэба мець шмат цярплівасьці, часу і асьцярожнасьці, каб падпільнаваць яго. Асабліва важна, каб вецер ня дзьмуў да яго з нашага боку. Ад гэтага залежыць усё. Мы зробім насьціл вунь на тым дрэве і засядзем на ім нанач. Тыгр выходзіць праз гадзіны 2-3 пасьля захаду сонца. А калі ня выйдзе ў гэты час, тады выйдзе за гадзіны 2-3 перад усходам.

Ля выхаду з яру стаяла шырокае, купчастае дрэва, вельмі добрае для гэтай мэты. Недалёка ад яго ўнутр яру ішла камяністая, незаросшая лагчынка, па якой гурчэла крынічка. З абодвух бакоў берагі ўздымаліся, і тыгр абавязкова павінен быў прайсьці гэтую лагчынку. Ззаду выхад пашыраўся і пераходзіў у нізкі бераг, паросшы трысьцём.

Пабудавалі на дрэве нібы вялікае буславае гняздо, паадламалі галіны, што перашкаджалі бачыць лагчынку.

— А што, калі ён пачуе, што тут гаспадарыць чалавек, ды ня пойдзе? — заўважыў Нонг.

— Цяпер ён сьпіць, схаваўшыся далёка ў гушчары і не пачуе. Сьлядоў нашых ён таксама пакуль што ня бачыў. Усё залежыць цяпер ад ветру.

З захадам сонца Піп, Хаон і Нонг разьмясьціліся на дрэве. Два тубыльцы з мулам засталіся на прывале.

Піпа ахапіў нібы сьвяточны настрой. Ён-жа сядзеў з сапраўднымі дзікунамі ў сапраўдным зваротнікавым лесе і пільнаваў сапраўднага тыгра! Гэта-ж ня жарт!

 

81