Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сім побач з чалавекам, так што кавалкі кары ляцелі! Колькі разоў ён ледзь не скалечыў рукі, якімі трэба было трымацца за дрэва. А часам нацэліцца насарог сваім рогам і стаіць некалькі хвілін нярухомы. Вось побач гэты рог, вось блізка-блізка морда, сапе проста ў твар, зубы ашчэраны. Бегчы ў другі бок нельга: прыходзіцца сачыць за кожным рухам гэтай галавы. Так і стаяць скамянелыя ў працягу некалькі хвілін, а там зноў пачынаецца… Ды яшчэ жах бярэ пры думцы, што можна зачапіцца і паваліцца.

Прайшла гадзіна. Становішча не зьмянялася.

— Ну, а што-ж усё-такі нам рабіць, Нонг? — зноў крыкнуў Піп у часе перапынку.

Крыху падумаўшы, Нонг адказаў:

— Вось што, туан: я перабягу да суседняга дрэва і пастараюся прывабіць яго да сябе. А потым яшчэ далей. А вы тады бяжэце па стрэльбу.

— Малайчына, Нонг! — ажывіўся Піп. — Гэта сапраўды найлепшы спосаб!

Нонг выбраў сабе дрэва, улучыў момант, выскачыў з-за дрэва так, каб насарог яго заўважыў, і пабег. Адбылося якраз так, як і чакалася. Праз некаторы час такім-жа чынам Нонг перабег да трэцяга дрэва.

А Піп тымчасам пабег за стрэльбай. Праз некалькі хвілін, ён, хаваючыся па-за дрэвамі, падкраўся з другога боку і ўсадзіў кулю пад лапатку. Захістаўся насарог і апусьціўся на пярэднія калені. Другая куля пад вуха скончыла справу.

— Ну і задаў-жа ён нам страху! — казаў Піп млосным голасам. Трэба хоць выламаць гэты рог сабе на памяць.

Хоць і вельмі зморанымі вярнуліся яны ў свой лагер, але Піп адчуваў сябе героем. Колькі прыгод перажыў ён за гэты дзень?! Нават лепшых за тыя, што ён чытаў у кніжках.

Назаўтра нікуды не пашлі, а сталі ўпарадкаваць сваю здабычу ды чакаць Хаона.

А той тымчасам вандраваў па лесе, вышукваючы па вядомых яму адзнаках логава тыгра. Сустракаў і ён зьмеяў, малпаў, ды не зварочваў на іх увагі. Ён абышоў некалькі знаёмых яму месц, але нідзе не знашоў адзнак прысутнасьці патрэбнага яму зьвера.

Тады ён пашоў у найдалейшае, але пэўнае месца. Гэта быў яр, які ўвесь зарос хмызьняком, і выходзіў к рэчцы. З яру выцякала сьцюдзёная крынічка і ўлівалася ў раку. Відаць, сюды прыходзілі зьвяры на вадапой, дзеля чаго тыгр і аблюбаваў сабе гэтае месца. Сьляды сьведчылі, што зьвер тут яшчэ жыве.

Хаон натрапіў на гэта месца, калі быў тут апошні раз. Але ён тады ўжо вяртаўся дадому са здабычай і парашыў выкарыстаць гэты куток у наступны раз.

 

79