Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Пасьпеем яшчэ, — сказаў ён, — здаецца, і сёньня дажджу ня будзе. Дойдзем яшчэ да тых вялікіх дрэў, адпачнем і тады назад. Можа сустрэнем яшчэ што-небудзь цікавае.

Паляваньне ў першабытным лесе на незвычайных зьвяроў так спадабалася Піпу, што ён хацеў выкарыстаць увесь час і нават не адчуваў зморанасьці (тым болей, што цяжар нёс другі). Уражаньні былі такія цікавыя! З аднаго боку, усё было так, як пісалася ў кнігах, але з другога — нешта зусім іншае, і ў чым справа — нельга было пазнаць.

Прайшлі яшчэ кілёмэтраў са два і спыніліся на беразе маленькай няглыбокай рэчкі. Гэты бераг быў сушэйшы і парос рэдкім, але высокім лесам. Той бераг быў балотны, заросшы бамбуком і хмызьняком. З прыемнасьцю паляглі на траву. Нават агню не раскладалі, а падмацаваліся консэрвамі.

З паўгадзіны ляжалі моўчкі гэтыя чужыя адзін аднаму сябры. Праўда, абставіны былі такія, што Піп зусім забыўся, што побач з ім цёмнаскуры чалавек ніжэйшай пароды. Ён нават палюбіў Нонга, як добрага слугу, але зусім ня цікавіўся ім, як чалавекам. А Нонг таксама прызвычаіўся да Піпа, убачыў, што гэта чалавек дабрадушны, няшкодны, толькі крыху асаблівы. І калі Нонг успамінаў усе крыўды і няшчасьці, якія даводзіцца цярпець ад белых уладароў, калі ў ім абуджалася вострая агіда да іх, то гэтая агіда ня мела дачыненьня да Піпа.

Піп і сапраўды быў чалавек няшкодны, мусіць, затым, што стаяў далёка ад жыцьця. Бацька яго быў багаты, але скупы гандляр селядцамі, тымі самымі голяндзкімі селядцамі, якія вядомы на ўвесь сьвет. Для свайго адзінага сына ён нічога лепшага не жадаў, хай бы толькі той быў такім самым добрым гандляром селядцамі, як і бацька. Ён даў сыну сярэднюю адукацыю, а далей прымушаў сына мець справу толькі з бочкамі ды рыбакамі. Але рыбакі, мора, караблі абудзілі ў маладым Піпе цікавасьць да далёкіх краін, да прыгодаў, аб якіх ён чуў ад маракоў.

І чым болей бацька стаяў на сваім, тым болей ён імкнуўся далей у сьвет. Начамі, хаваючыся ад бацькі, ён чытаў кніжкі аб дзіўных краёх, падарожжах, цікавых паляваньнях, прыгодах, і гэтае імкненьне захавалася ў ім да таго часу, калі бацька памёр.

Калі сын атрымаў спадчыну ды падлічыў яе, то ўбачыў, што яму зусім няма патрэбы гандляваць селядцамі. Грошай было столькі, што на адны процанты ён мог жыць увесь век без клапот. І ён ліквідаваў прадпрыемства, палажыў грошы ў банк і адчуў сябе вольнай птушкай. Такім чынам, ён і трапіў на Яву.

Зразумела, усе знаёмыя дзівіліся такому ўчынку, ніяк не маглі зразумець, як гэта можна дабраахвотна адмовіцца ад далейшага ўзбагачэньня, і лічылі Піпа нават дурнаватым. І сапраўды, з гандлёвага

 

76