— А можа і наогул захаваўся адзін, ці два, вось цяпер і ганяйся за імі.
— Пацярпеце, туан, — усьміхнуўся Хаон, — можа і яны будуць ганяцца за вамі.
Была толькі сёмая гадзіна, а навакол стаяла чорная ноч. Піп зірнуў убок і ўздрыгануўся. Што гэта? Нібы вочы зьвяроў блішчаць. Вось яны рухаюцца, носяцца з аднаго месца на другое.
— Зірні, Хаон, што там такое?
— Дзе? — спакойна запытаўся Хаон.
— Ды вось сьвецяцца, нібы вочы тыграў.
— Гэта грыбы такія, — спакойна адказаў Хаон, — а тыя, што лётаюць, — начныя мухі, якія сьвецяцца.
Піл нават засаромеўся, што выявіў сябе такім навічком перад гэтым дзікуном. І калі пасьля гэтага заўважыў нешта яшчэ болей дзіўнае, дык нічога не сказаў. А заўважыў ён, што лес нібы ўбраўся ў сьветлыя гірлянды, накшталт таго, як убіраюць у сьвята горад ланцугамі электрычных лямпачак. Толькі сьвет быў фосфорычны, бляды, слабы. Піп і сам цяпер сьцяміў, што гэта таксама былі грыбкі, або цьвіль на ліянах і ротангах.
— Ваў! Ваў! — пачуўся недзе выразны крык. Піп пытліва зірнуў на Хаона.
— Гэта «ваўваў», малпы такія, — сказаў той.
Потым пачуўся нібы рогат, там нешта запішчала, там прарэзьліва крыкнула нейкая птушка; вось затрашчалі цыкады[1], да іх далучыліся жабы на дрэвах; пачыналася ночнае жыцьцё лесу, якое звычайна здаецца больш таемным і нават страшным, чымся ўдзень.
— Ці не пагражае нам які-небудзь напад уначы? — ізноў запытаўся Піп.
— Не, асабліва, калі будзе гарэць агонь, — адказаў Хаон. — Галоўны вораг, тыгра, першы не нападзе.
Пачалі рыхтавацца да сну. Палатку паставілі, асабліва не замацоўвалі, бо ніякі вецер не пагражаў. Палатка мела асобнае аддзяленьне для Піпа, а рэшта зьмясьцілася ў другой палове. Назапасілі паліва. Умовіліся на кожны выпадак вартаваць па чарзе, але праз гадзіны тры ўсе заснулі. І ніякай бяды ад гэтага ня было. Ноч прайшла спакойна. Пачало ўжо сьвітаць.
І вось тут здарылася нешта незразумелае. Нехта пачаў кратаць і хістаць палатку. Людзі паўскаквалі, пачалі перці вочы і азірацца, а тымчасам палатка пачала ўздымацца ўверх! Яшчэ момант, — і людзі апынуліся пад адкрытым небам, а палатка калыхалася ў паветры.
— Што за цуд такі! — закрычаў Піп. Тубыльцы таксама разявілі раты ад зьдзіўленьня. Нават Хаон быў зьбянтэжаны, але праз хвіліну зарагатаў, як шалёны.
- ↑ Накшталт нашых конікаў.
70