Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яго высякаць дарогу. Трэба ўсё-ткі сказаць, што наогул лес здаваўся ціхім, нібы мёртвым. Ня чуваць было таго вясёлага птушынага шчэбету, як у нашых лясох. Тыя нешматлікія птушкі, што падавалі свой голас, хаваліся недзе наверсе. З. жывёлаў бачылі толькі невялікіх малпаў — «будэнг», прыгожых, чорных, машаставых, з капой валос на галаве, нібы ў шапцы. Пры набліжэньні людзей яны ўздымалі такі галас і гармідар на дрэвах, нібы там адбывалася бойка. А потым зноў цішыня.

Паветра цёплае, душнае, вільготнае. Уся зямля зарасла мохам і папарацьцю, дзе час ад часу мільгалі ні то зьмеі, ні то яшчаркі, але пакуль што нічога небясьпечнага не сустракалася. Ня кажучы ўжо аб Піпу, нават тубыльцы, здавалася, былі прыгнечаны гэтым цяжкім маўклівым лесам. Адзін толькі Хаон адчуваў сябе, як дома.

Праз некалькі гадзін усе вельмі змарыліся і спыніліся адпачыць. Тым болей, што набліжаўся штодзенны паўдзённы дождж. Паставілі палатку, разьвялі агонь і пачалі гатаваць страву.

— Вось дык паляваньне! — бурчаў Піп. — Заместа дзічыны прыходзіцца з сабою несьці ежу. Аніводнай жывёліны ня бачылі, калі ня лічыць гэтых малпаў. Няўжо-ж увесь час так будзе?

— Спажыўнай жывёлы ў такім гушчары наогул мала, — адказаў Хаон. — Апрача гэтага, яна хаваецца далей.

Тымчасам надышла навальніца. Заблішчала маланка, загрукатаў гром, зашумеў лес, паліліся струменьні вады. Тут ўжо ўсе адчулі радасьць і задавальненьне, што сядзяць у палатцы.

Праз некаторы час дождж зусім перастаў, а з дрэў усё яшчэ лілася вада. Была трэцяя гадзіна. Да цямна заставалася толькі тры гадзіны. Піп ня ведаў, што рабіць: ці сядзець, ці ісьці далей па такой вадзе? Запытаўся Хаона.

— Як туан захоча, — адказаў той. — Павінен толькі папярэдзіць, што тут нічога не дачакаемся.

— У такім разе пойдзем далей, — парашыў Піп, і экспэдыцыя зьнялася з месца.

На гэты раз падарожжа ўжо не здавалася Піпу цікавым. Зьнізу вада, зьверху вада, мокрае гальлё б’е па твары. Хутка прайшлі тры гадзіны, надышоў вечар. Спыніліся на начлег.

Увесь мокры сядзеў Піп каля агню, падстаўляючы то адзін, то другі бок, каб абсохнуць. Ад зморанасьці ламала ўсё цела; кроплі ўсё яшчэ капалі зьверху. Увесь уздым і цікавасьць прайшлі. «І чаго я тут сяджу? — неяк мімаволі думалася Піпу. — Які чорт мяне загнаў сюды? Ці ня лепш было-б сядзець цяпер дома?»

— Ці доўга нам прыдзецца так ісьці? — нарэшце запытаўся ён Хаона.

— Калі туан хоча напэўна сустрэць дзікіх зьвяроў, дык трэба прайсьці яшчэ балоты і падыйсьці да прадгор’яў. Калі тут і ёсьць зьвяры, дык зусім мала і вельмі цяжка сустрэць іх.

 

69