Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

VI. У ПЕРШАБЫТНЫМ ЛЕСЕ.

Паляўнічая экспэдыцыя. — Дзівы дзіўныя. — Краска — падла. — Жарт малпы. — Мул у ботах. — Чароўныя агні.

Бантамскія пушчы зьяўляюцца, можна сказаць, адзіным кутком на Яве, дзе захавалася яшчэ першабытная прырода ў тым самым выглядзе, як і сотні гадоў назад. Гэтаму спрыяюць, галоўным чынам, непраходныя балоты, якія акаляюць раён з трох бакоў, а з чацьвертай ідуць яшчэ болей непраходныя, зусім недасьледаваныя горы. Мала знойдзецца на зямлі такіх месц, дзе-б у адным месцы злучыліся і балоты, і горы, і лясы.

Сюды часам наяжджалі на паляваньне рэзыдэнты, рэгенты, нават адзін раз сам генэрал-губарнатар, але яны не заходзілі вельмі далёка, бо гэта было цяжка, ды і патрэбы ня было. І наогул такія наезды былі вельмі рэдкія, адзін-два разы за некалькі год. Разы са два прыяжджалі прыватныя багатыя асобы, у тым ліку адзін ангелец; таму ніхто ня зьдзівіўся, калі цяпер прыехаў яшчэ адзін чалавек.

Праз некалькі дзён наладзілася экспэдыцыя ў складзе пяцёх чалавек. Апрача Піпа і Нонга ў яе ўвайшлі вышэйпамянёны Хаон, малаец гадоў пад 40, спрактыкаваны і каштоўны памочнік, і яшчэ два тубыльцы, якія былі ўзяты, галоўным чынам, для гаспадарчых спраў. Мелася на ўвазе, што яны будуць несьці рэчы, абслугоўваць месца прыпынку і г. д.

Абсталявана была экспэдыцыя дасканала. Мелася ўсё, што патрэбна было ў такіх справах, і разам з тым разьлічана, каб усё гэта займала найменей месца і мела найменшую вагу. На кожны выпадак узяты быў і адзін мул[1].

Усе атрымалі ад Піпа зброю. Асабліва быў рады гэтаму Нонг, які да гэтага часу ня трымаў у руцэ ні стрэльбы, ні рэвольвэра. Пад кіраўніцтвам Хаона ён так старанна пачаў вучыцца страляць, што праз некалькі дзён амаль што не зраўняўся з самім Хаонам.

І вось, нарэшце, экспэдыцыя сабралася ў дарогу. Уся мясцовая ўлада прышла праважаць Піпа. Кожны даваў якую-небудзь карысную параду.

— Не забывайцеся кожны дзень прымаць хінін, — казаў адзін.

— Ці ўзялі сеткі і рукавіцы, каб абараніць сябе ад маскітаў[2]? — пытаўся другі.

— Не паглыбляйцеся далёка, — раіў ван-Дрон, — памятайце аб усіх небясьпеках, аб якіх я вам казаў. Жадаю посьпеху.

Піп дзякаваў усім, разьвітаўся, і экспэдыцыя кранулася на поўдзень. Наперадзе, побач з Хаонам, ішоў Піп у вялізных ботах вышэй кален, са стрэльбай за плячыма, з рэвольвэрам і кінжалам за поясам.

  1. Помесь каня з аслом. Яны перавозяць на сьпіне цяжары.
  2. Самая шкадлівая і назойлівая машкара ў гарачых краёх.
 

66