Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Няўжо-ж сапраўды яны да гэтага часу незалежныя? — зьдзівіўся Піп.

— Незалежныя ў тэй меры, у якой незалежны тыгры, насарогі і іншыя зьвяры, што там захаваліся. Бадувісаў вельмі мала, ня болей 2000 чалавек, пашкодзіць яны ня могуць, а ганяцца за кожным з іх няма сэнсу.

— А як яны адносяцца да белых?

— Ня толькі белых, але ўсіх чужых яны ня пушчаюць да сябе.

— А ці бывалі там нашы экспэдыцыі?

— Спробы былі, але дасканала нічога не даведаліся. Ды і ня варта рызыкаваць і траціць грошы дзеля такога глупства.

— Ну, а наогул пры звычайным паляваньні яны не перашкаджаюць?

— Яны жывуць досыць далёка і туды звычайна ніхто з паляўнічых не даходзіць. Апрача таго, яны ня маюць добрай зброі, каб самім нападаць. Ну, а калі дабрацца да іх жыльля, тады маўчаць ня будуць. Ці не зьбіраецеся вы туды ісьці? — запытаўся нарэшце Дрон.

— Пакуль што ня думаю, але ўсё-ж такі цікава, — адказаў Піп.

— Ці ведаеце вы ўсю тую небясьпеку, якая пагражае пры падобных паляваньнях?

— Я ведаю толькі тое, што магу трапіць куляй у кулю на адлегласьці ў 70 крокаў, — з гонарам сказаў Піп.

— Гэта рэч добрая, але і без таго бываюць розныя выпадкі.

— Дзеля гэтага я маю слугу і апрача таго хацеў-бы наняць тут яшчэ аднаго правадніка-паляўнічага з мясцовых. Можа параіце каго?

— Ёсьць тут адзін тубылец-паляўнічы, які заўсёды бадзяецца там. Ён нават мае дазвол мець стрэльбу, бо зьнішчае тыграў. А наш урад плаціць за кожнага забітага тыгра 200 гульдэнаў. Дзеля гэтага патрэбна прад’явіць галаву і лапу, а скура застаецца паляўнічаму. Завуць гэтага чалавека — Хаон. Заўтра паклічам яго, калі ён тут. Але я забыўся яшчэ аб адным папярэдзіць вас: апрача зьвяроў і бадувісаў, у лясох ёсьць яшчэ адзін вораг, — гэта бандыты. Яны нават больш небясьпечная, чымся бадувісы, бо складаюцца з элемэнтаў варожых да ўлады, і нападаюць выключна на белых і прадстаўнікоў улады наогул. Нават сярод насельніцтва яны маюць прыхільнікаў, якія ім памагаюць. Але на ваша шчасьце за апошнія два месяцы аб іх нічога ня чуваць. Мабыць, зьніклі пасьля таго, як 12 чалавек з іх злавілі і павесілі. На кожны выпадак вы і гэта павінны мець на ўвазе.

— Дзякую вам за параду, — сказаў Піп, — буду ўсё гэта памятаць.

— У той-жа самы час Нонг пытаўся аб становішчы ў слуг і даведаўся прыблізна аб тым-жа, што і яго пан. Але адчувалася, што яны больш ведаюць, чымся кажуць, ды ня хочуць казаць усяго новаму незнаёмаму чалавеку, ды яшчэ слузе белага туана.


 

65