Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выскачыў з хаты. Размахваючы нажом, ён панёсься па вёсцы і кінуўся на першага сустрэчнага. Той зваліўся на зямлю, паранены ў руку, а Па-Інго пабег далей па дарозе да заводу.

— Амок! Амок! Па-Інго! — пачалі крычаць па ўсёй вёсцы, затрашчалі трашчоткі, усе кінуліся хавацца, хто куды.

Пачуў гэты крык Нонг і кінуўся сьледам за бацькам. За ім другія мужчыны, узброеныя чым папала.

— Амок! Амок! — неслася па вёсцы; трашчалі трашчоткі, грукалі кіямі.

А тымчасам Па-Інго зваліў адну жанчыну, якая ішла з вадою. Яна была забіта на сьмерць.

Па-Інго бег так шпарка, што даганяўшыя яго ня толькі не набліжаліся, але адставалі ўсё болей і болей. Трэба было дзівіцца, адкуль у старога Па-Інго ўзялося столькі сілы? Урэшце, ён зусім схаваўся з вачэй. Мужчыны змарыліся і пачалі спыняцца. Толькі Нонг, колькі мог, бег далей.

Праз некалькі хвілін наперадзе пачулася страляніна. Нонг прыныніўся. Позна! Справа скончана!

Калі Нонг падышоў бліжэй, ён убачыў застрэленага бацьку, а побач забітага даглядчыка Грына.

Гэты «амок» зьяўляецца асаблівасьцю явайцаў, і эўропэйцы да гэтага часу ломяць галаву, што гэта такое; ці простае шалёнства, ці нейкая новая хвароба? Ва ўсякім разе амок ніколі не здараецца са шчасьлівым чалавекам. Ён заўсёды зьяўляецца ў выніку пакуты і цяжкага становішча. Калі такога «оранг-гіля» (шалёны чалавек) затрымаць сваячасова, дык прыпадак часта праходзіць. Але закон кожнаму дазваляе забіць «оранг-гіля».

Забываюшца толькі эўропэйцы, што явайцы хоць і «самыя цярплівыя і ціхія», але ўсё-ж такі людзі. Якім-бы ціхім і цярплівым ні быў чалавек, але пры пэўных умовах нават такому цярпеньню можа прыйсьці канец.

Да апошняга часу гэта цярпеньне канчалася «амокам», ну, а надалей яно ўжо скончыцца чым-небудзь іншым.


V. ПА ДАРОЗЕ Ў НЕВЯДОМУЮ БУДУЧЫНЮ.

Нонг у дарозе. — Сустрэча з Піпам. — Клясава сьвядомая жывёліна. — Нонг на службе ў Піпа. — Каму сьмех, а каму гора. — Прыезд у Тэнанг.

І Нонг пашоў, куды вочы глядзяць. Накіраваўся на захад, у пушчы Бантаму, дзе яшчэ, як ён чуў, захаваўся дзікі, але вольны народ, куды ўцякаюць тыя, каму немагчыма жыць дома.

Перад адыходам ён ліквідаваў сваю зямлю і гаспадарку, разьлічыўся з даўгамі, пасьля чаго яму засталося яшчэ дзесяткі са два

 

57