Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Можа і ад хвігі, а больш ад гарматы. Даўно-даўно, калі белыя толькі яшчэ пагражалі нам, Аллах паслаў нам дзьве такія гарматы, каб бараніцца. Але нашы, замест таго каб даць дружны адпор, пачалі сварыцца паміж сабой, — і тады, гарматы падзяліліся: адна засталася тут, другая апынулася недзе далёка, у сярэдзіне выспы. Але Аллах пры гэтым сказаў: — «Калі вы ўсе дагаворыцеся, памірыцеся, — тады гарматы зноў сыдуцца разам, і тады будзе канец белай уладзе. Вось і бачыш цяпер, што залежыць ад гэтай гарматы.

Тугай і сам ужо ўспомніў, што ён калісьці чуў гэтую легенду. Але цяпер яна зрабіла на яго асаблівае ўражаньне. Ён ужо не сьмяяўся, а, наадварот, — задумаўся.

— Праўда твая, дзядуля! — сказаў ён сур’ёзна.— Я гэта ведаю, і ўсе ведаюць. Але ці ведаеце вы, што гэты час ужо блізкі?

— Няўжо-ж? — ажывіўся дзед, і нават жанчыны зацікавіліся.

— Праўда! І другая гармата ўжо ідзе на злучэньне.

— Адкуль? Як? Хто бачыў?

— Шмат людзей бачылі, — упэўнена і цьвёрда казаў Тугай: — і я сам бачыў, сваімі ўласнымі вачыма, — дадаў ён неспадзявана для сябе самога.

— Дзе? Калі? Кажы!

— Спачатку яе бачылі ў акрузе Банджумас, потым — у Прэангеры, апошні-ж раз я сам бачыў у Бантаме. Больш падрабязна, пакуль што я ня маю права вам казаць, каб не даведаліся голяндцы. І вы таксама сьцеражэцеся, каб яны не даведаліся. Але паміж сваіх вы маеце права казаць, нават старайцеся распаўсюдзіць, што прароцтва ўжо спаўняецца, што ўладзе белых прыходзіць канец і што няма чаго ўжо іх баяцца.

Гэтыя словы Тугай вымавіў вельмі ўрачыстым голасам, потым раптоўна зьвярнуўся і пашоў далей, задаволена ўсьміхаючыся сабе пад нос.

— Кожны кій мае два канцы! — голасна прамармытаў ён сам сабе.

А «паклоньнікі хвігі» ад такой навіны нават забыліся аб сваіх уласных справах і хутка пачалі разыходзіцца, каб абвясьціць сваім знаёмым такую важную навіну.

— Дзякуй Аллаху, дачакаўся і я вызваленьня свайго народу! — казаў стары, кульгаючы дадому: — я заўсёды казаў, нядарма-ж усё гэта гаворыцца, нядарма-ж яна тут ляжыць, гэтая гармата, нядарма-ж перад ёю моляцца — вось бачыце, цяпер і збываецца прароцтва.

Тым часам Тугай дабраўся да самага апошняга, самага беднага кварталу, аб якім, відаць, забылася нават сама паліцыя, бо вельмі ўжо брудна было тут. Маленькія хаткі туліліся адна да аднэй, голая чорная дзетвара капашылася ў балоце ад учарашняга дажджу; гразь яшчэ і ня высахла толькі таму, што бязупынна папаўнялася новай

 

36