Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Там, відаць, быў нейкі гурток людзей, галоўным чынам, жанчын. Тугай падышоў бліжэй і ўбачыў нешта недарэчнае.

На зямлі ляжала якаясь сталетняя, кажуць, кітайская гармата, вярней, адзін ствол ад яе. Навакол яна была старанна абрукавана, а з канца была прыладжана вялізарная драўляная… хвіга! Навакол сядзела на зямлі шмат жанчын і моўчкі, урачыста глядзелі на хвігу. Вось падышла яшчэ адна жанчына, склала далонямі рукі, падняла іх вышэй галавы і пакланілася да зямлі перад хвігай. Потым палажыла ля яе нейкую істужку. Уся хвіга была абкладзена рознымі рэчамі: гаршкі з рысам, торбачкі, бляшкі, кавалкі тканіны, кветкі, садавіна і шмат іншага.

— Чакаеш? Хутка? — ціха запыталася новапрышоўшую суседка.

— Мусіць, хутка, — адказала тая.

— А мне вось бог не дае, — уздыхнула першая. — Колькі ўжо разоў я тутака была! Колькі ахвяр прыносіла! Відаць, ня прымае дух.

— Ну, а я дык сама ня ведаю, ці радавацца, ці гараваць. Мой, здаецца, просіць начальства, каб яму зьмянілі жонку. Куды я тады дзенуся з дзіцем?

— Дык яго-ж возьмуць выхоўваць на дзяржаўны кошт.

— Яно так, але цяжка разлучацца.

І жанчыны зноў сьціхлі.

Тугай стаяў побач і горка ўсьміхаўся. Ён добра ведаў усю гэтую штуку. Гэта гармата з хвігаю даўно ўжо лічыцца цудоўнай, і цёмныя жанчыны здаўна зварачаюцца да яе ў сваіх справах наконт дзяцей. Ня ведаў ён толькі, адкуль, як і чаму прыладжана была гэтая хвіга. Можа голяндцы пажартавалі? Ва ўсякім разе, яны не перашкаджаюць пакланяцца гэтай сьвятыні, бо ім выгадна падтрымліваць народную цемру.

Разумеў Тугай і размову дзьвюх жанчын. Адна з іх была «пайковая жонка» голяндзкага салдата. Разам з іншым утрыманьнем салдатам часова даюцца жонкі, зразумела, з «чорных». Яны гатуюць, мыюць бялізну, абслугоўваюць сваіх мужоў, а потым… застаюцца «на волі».

Тугаю так хацелася растлумачыць ім, якое глупства яны робяць, але ён добра ведаў, што гэта дарэмна. Тут ён з зьдзіўленьнем заўважыў, што сярод жанчын знаходзіцца адзін стары мужчына.

— І ты, дзядуля, прышоў пакланіцца гэтай хвізе? — сказаў Тугай.

— Ня думай, што гэта толькі жаночая справа, — паважна сказаў дзед: — гэта таксама справа агульная, дзяржаўная.

— Ну?! — зьдзівіўся Тугай.

— Ці-ж ты ня ведаеш? Эх, вы, моладзь сучасная! Ганьбіце ўсё старое, ня цікавіць вас нават лёс бацькаўшчыны.

— Ці-ж ад гэтай хвігі залежыць лёс нашай старонкі? — засьмяяўся Тугай.

 

35