Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/226

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вартаўнікі нават стрэльнуць не пасьпелі, як былі абкружаны нападаўшымі. Коняй пагналі ў бок, салдат зьвязалі, затрашчалі 18 вінтовак, і паўстанцы кінуліся ў атаку. Сьпераду пачуўся радасны сустрэчны крык, а салдаты кінуліся, хто куды…

Праз поўгадзіны атрад паўстанцаў, ужо на конях, рушыўся далей на поўдзень…

Чатыры дні бадзяўся атрад Гурана, то нападаючы, то ўцякаючы ад ворага. Усюды ён знаходзіў сьляды народнага гневу: вогнішча з запасаў тытуну, цукровага трысьця, кавы, перцу; разбураныя дробныя прадпрыемствы, канторы, забітых найбольш заядлых сваіх ворагаў. Але вялікія прадпрыемствы трымаліся. У ўлады хапіла салдат, жандараў і іншых прыхільнікаў, каб абараніць іх. Тым болей, што такія прадпрыемствы звычайна знаходзіліся ля галоўных шляхоў.

Усюды партызанаў сустракалі з радасьцю і ганарыліся тым, што вось які добры атрад маецца на баку народу. Зьяўленьне «свайго» атраду добра ўзброеных кавалерыстых выклікала вялікі ўздым энтузыязму і адвагі ў гэтага «самага ціхага і спакойнага народу ў сьвеце». І наведваньне атраду заўсёды адзначалася ўзмацненьнем дзейнасьці ў даным раёне. Але… пасьля гэтага прыходзіла ўрадавае войска, і кроў лілася ракою…

Войска за гэты час набралася досыць. Яно пасоўвалася і ззаду, ад Батавіі, і сьпераду, ад Бэйтэнзоргу, рэзыдэнцыі генэрал-губарнатара, дзе былі сабраны галоўныя сілы. А партызанскаму атраду якраз трэба было абмінаць Бэйтэнзорг, каб прабіцца на поўдзень.

Кола ўсё звужвалася…

Ужо не аб нападзе прыходзілася думаць, а толькі аб тым, каб самім выратавацца. Пакуль што атрад меў тую перавагу, што кожны жыхар служыў яму разьведчыкам. Атрад заўсёды быў паведамлены аб кожным руху ворага, а той здабываў весткі з вялікай цяжкасьцю і шмат разоў насельніцтва наўмысьля ашуквала ўрадавае войска. Але чым далей, тым цяжэй рабілася становішча партызанскага атраду. Атрады салдат шнырылі па ўсёй акрузе і залівалі пажар крывёю.

Адначасова з «замірэньнем» псаваўся і настрой насельніцтва. Ужо пачалі здарацца выпадкі, калі жыхары сустракалі партызанаў з жахам і далікатна прасілі, каб яны ехалі далей.

— У дэзе Ронэ шмат народу парастралялі, — казалі сяляне ў сваё апраўданьне.

Далей пачало адчувацца, што вораг мае ўжо дакладныя весткі аб руху партызанскага атраду…

… Толькі адзіная дарога засталася, каб вырвацца з кола: цясьніна каля вулькану Салака. Конныя разьведчыкі паказваюцца ззаду, сочыць за рухам партызанскага атраду. Значыцца, ззаду

 

220