Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прымацца за працу і што ён будзе вельмі рады, калі яго выпадковыя лёгкія грошы крыху дапамогуць хвораму таварышу.

Шчырае апавяданьне Нонга расчуліла хворага.

— Ты добры хлопец, — сказаў ён. — Пойдзем!

Дан, як звалі гэтага рабочага, жыў на водшыбе, прыблізна пасярэдзіне між Прыоркам і Батавіяй. Доўга ішлі яны па цёмных завулках. Сям-там блішчаў агонь і з расчыненых дзьвярэй выляталі п’яныя крыкі, сьпевы, дзікая музыка, жаночы сьмех. Там «дзейнічалі» тыя, якія ўжо страцілі чалавечае аблічча.

Сярод нездаровага балацістага месца, дзе нельга было ставіць гарадзкіх будынкаў, туліліся бядняцкія халупы вясковага тыпу. Балота, смурод і пышная расьліннасьць захоўвалі іх ад людзкога вока.

У халупе Дана зьмяшчаліся яго жонка і трое дзяцей ад 2 да 8 год.

— Калі няма дажджу, я сплю тут пад страхой, — сказаў Дан, паказваючы кут, над якім высоўвалася невялічкая павець.

— Вось і добра! — весела сказаў Нонг. — Я такі самы пан, як і ты.

— Але-ж ты плаціш за гэта вялікія грошы.

— Я плачу не за гэта, а каб нам разам некалькі часу пражыць і мець магчымасьць пацікавіцца больш важнымі для нас усіх справамі. Мне-ж лепш пажыць сярод сваіх, чымся бадзяцца аднаму ў незнаемым горадзе.


IX. ПАЎСТАНЬНЕ Ў БАТАВІІ.

У будынку пошты. — Каля турмы. — Дарэмныя ўсілкі. — Па-за горадам. — Прыгоды партызанскага атраду. — У цясьніне.

Ноч на 13 лістапада 1926 г.

Сакавітая паўднёвая ноч, калі дыхаецца так лёгка і вольна, калі ня прыходзіцца прэць і мокнуць у сваім поце.

І тыя, хто могуць, выкарыстоўваць яе ў садох, кафэ, рэсторанах. Сьвятло, нібы зарыва, уздымаецца над цэнтрам гораду. Мілагучная музыка нясецца адтуль у цёмныя, брудныя кварталы, дзе сьпіць народ ніжэйшай пароды.

Нарэшце, праходзяць і гэтыя гадзіны. Разьяжджаецца вясёлая публіка, зьмяншаюцца агні, зачыняюцца ночныя ўстановы.

Батавія сьпіць. Толькі дзе-ні-дзе лунаюць фігуры паліцэйскіх.

Але вось на аднэй з цёмных вуліц мільгануў цень. Вунь вынырнула постаць з суседняй вуліцы. А там яшчэ і яшчэ…

Мільгануць — і зьнікнуць, каб зьявіцца ў другім месцы.

 

214