Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/214

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мітусіліся гандляры на станцыях, таксама капашыўся паўголы, спакойны «шчасьлівы» народ, таксама на плянтацыях працавалі кулі, таксама з паважнасьцю рухаліся белыя ўладары і бурыя мясцовыя саноўнікі. «Самы ціхі народ у сьвеце» трымаў сябе ціха, як і заўсёды.

І толькі ад тых таварышоў, з якімі Нонг меў зносіны, ён даведваўся, што пад гэтай ціхасьцю хаваецца шмат напружанасьці, чутак, чаканьня і падзей. Ніхто так ня ўмее прыкідвацца і захоўваць свае думкі, як усходнія народы.

Вось і Нонгава радзіма, Банд’ю. Як і раней, шуміць завод пана Більбо, як і раней, працуюць на яго сяляне са сваімі сапі. Трэба было пачакаць вечара, каб пабачыць тых рабочых на заводзе, да якіх Нонг быў пасланы.

Ён пашоў у свой кампонг. Вось дарога, па якой бег яго бацька, ахоплены «амокам», вось месца, дзе яго забілі…

Сустрэліся некалькі знаёмых чалавек.

— Нонг! Адкуль? Дзе ты быў?

— Справядлівасьці хадзіў шукаць.

— Куды? У Батавію?

— І ў Батавію, і ў іншыя месцы.

— Ну, што-ж табе сказалі?

— Сказалі, што спадзявацца няма на каго. Самі павінны аб сабе клапаціцца.

— Якім чынам?

— Як хочаце. Калі прыдзецца, дык і за горла ўчапіцца ворагу.

— О, каб гэта можна было!

— Пачакайце крыху — і можна будзе.

Хоць яму і казалі, каб па дарозе ён не займаўся агітацыяй і быў вельмі асьцярожным, але сваім ён палічыў магчымым сказаць крыху болей.

— Ты ў нас застаешся? — пыталіся яго.

— Пакуль што — не, а далей — ня ведаю.

Пашоў да сваёй халупы, але ледзь знайшоў яе: шалёная расьліннасьць стварыла ўжо такі гушчар, што ў ім зусім згубіліся рэшткі будынку.

Нонг прысеў на адзін з слупкоў, які калісьці служыў падставай для яго хаты. І двух месяцаў ня мінула, як ён пакінуў свой радзімы кут, але-ж якія зьмены адбыліся ў жыцьці Нонга!

Усё яго ранейшае жыцьцё адсунулася, нібы на дзесятак гадоў, і ад яго засталіся толькі вось гэтыя некалькі слупкоў. За гэты час Нонг апынуўся зусім у новым сьвеце, і родны кампонг, які нядаўна яшчэ здаваўся галоўным месцам на зямлі, — цяпер ужо быў такім нікчэмным, забытым, чужым.

У кампонгу пачулі, што вярнуўся Нонг і пацікавіліся даведацца, дзе ён быў, што бачыў і чуў. Ля яго сабраўся гурток людзей, і Нонг

 

208