Старэйшы з новапрыбыўшых, Гудас, паківаў галавой і сказаў:
— У гэтай справе ёсьць дзьве нявыгоды: па-першае, яны могуць усіх нас перабіць па чарзе, а па-другое, у такой бойцы ўнутры карабля лёгка могуць узарвацца ваенныя прыпасы, і тады ня толькі мы ўсе загінем, але загубім самае каштоўнае для нас — зброю.
У гэты момант з поўначы падзьмуў лёгкі ветрык. Барас раптам ускочыў і крыкнуў:
— Нічога гэтага ня трэба. Мы паставім парусы і паедзем назад. Праўда, вецер яшчэ вельмі слабы, але за восем гадзін мы можам ад’ехаць досыць далёка. Ды пад раніцу можна чакаць і больш значнага ветру. А яны хай сабе там сядзяць. У моры мы пасьпеем з імі справіцца.
Прапанова была простая і разумная. Пакуль-што, спыніліся на ёй.
Закіпела работа. Усе малайцы даўно ўжо вядомы, як здольныя і спрактыкаваныя маракі, — і праз некалькі хвілін усё было гатова.
«Саардам» пачаў патроху заварочвацца. Справа ішла марудна; вецер быў вельмі слабы, часам зусім сьцішаўся, і толькі праз поўгадзіны карабель шырокай дугою завярнуўся назад. Тады ўжо пашло лягчэй. Вецер дзьмуў у сьпіну і хоць ня моцна, але затое ўся яго сіла выкарыстоўвалася поўнасьцю. Вось зьнік «Поперак дарогі», вось пачаў набліжацца Анжэр. Так ехалі з гадзіну.
Але тут раптам застукала машына і… карабель пашоў назад!
— Ах, праклятыя! Яны сьцямілі, што мы ад’яжджаем і далі ход назад, каб перашкодзіць!
Пачалося нязвычайнае спаборніцтва: хто пераможа — ці машына ці вецер?
У гэты момант застагнаў капітан. Салул успомніў, што раненыя ляжаць бяз ніякай дапамогі і сказаў у трубу:
— Прышлеце доктара: вашаму параненаму капітану патрэбна дапамога.
Адтуль не адказалі, але было чутно, што там ідзе нарада. Урэшце ван-Хорк сказаў:
— А якая гарантыя, што гэта не провокацыя?
Салул падняў галаву, зірнуў наўкол і, убачыўшы лейтэнанта, сказаў яму:
— Вы згодзіцеся ад свайго імя запрасіць доктара да вашага капітана?
Лейтэнант таксама абмеркаваў становішча, як і ван-Хорк. Трэба было як мага болей выгадаць часу. Апрача таго, нельга было пакідаць без дапамогі і свайго капітана, хоць пэўна іх усіх гэтыя разбойнікі потым могуць расстраляць.
— Добра, — адказаў ён.
Тады Салул сказаў уніз:
— Зараз сам лейтэнант Брэнд скажа вам тое самае.