— Браткі! — казаў ён свайму атраду: — нас 34 чалавекі, у нашых руках уся зброя і, можна сказаць, увесь карабель, машыны, прыпасы. Бяз нас яны ня змогуць пасунуць карабель ні на адзін крок. Нават, калі і без кіраўніцтва мы пусьцім машыны, дык усёроўна прыткнемся да якога-небудзь берагу, а там ужо прыдзе і дапамога. Мала таго, калі мы і нікуды не пасунемся, а пратрымаемся на месцы да раніцы, тады таксама нас заўважаць і прыдуць на дапамогу. Не забывайцеся, што мы знаходзімся ў людным месцы, ля сваіх берагоў.
Разважаньні былі слушныя і нават Гуз, які спакойна сядзеў і дыміў з сваёй люлькі, і той моўчкі кіўнуў галавой у знак згоды.
У гэты момант перадалі, што зьверху прышла прапанова здацца.
Ван-Хорк пабег да трубы.
— Хто вы такія і як вы асьмеліліся нападаць на ваенны дзяржаўны карабель?
— Мы — гаспадары тутэйшай краіны і жадаем пазбавіцца нежаданых гасьцей, — адказаў нейкі знаёмы голас, але мічман ня мог адразу спазнаць чый.
Ван-Хорк аж пазелянеў ад злосьці.
— Хутка мы ўбачым; хто тут гаспадары, — адказаў ён, ледзь стрымліваючы сябе, — а пакуль што, прапаную вам здацца. Бо праз некалькі гадзін вы будзеце хістацца на шыбеніцы.
— Вось табе і раз! — зьвярнуўся Салул да сваіх на малайскай мове: — бачце, яны нам прапануюць здацца!
Гэта толькі выклікала вясёлы сьмех сярод прысутных. Потым Салул зноў сказаў у трубу: — Ну, тады мы знойдзем спосабы супакоіць вас. Пакуль-што падумайце.
— Падумайце і вы, пакуль ня позна! — крыкнуў усьлед ван-Хорк.
«Саардам» увесь гэты час стаяў на месцы; машыны глуха гулі, ня рухаючыся. Нават карабель пачало адносіць крыху назад. Ззаду былі прычэплены чатыры лодкі, на якіх прыехалі інсургенты (паўстанцы). Электрычнасьць на палубе патухла: гэта зьнізу выключылі сьвет.
— Тым лепей, — сказаў Барас: — нам усёроўна няма інтарэсу вельмі асьвятляцца.
Надыходзіла поўнач. Да раніцы заставалася яшчэ восем гадзін. Навокала было ціха. Рух у Зондзкай пратоцы звычайна вельмі малы, бо вядзе яна ў паўднёвую пустынную частку Індыйскага акіяну. Зьлева цямнеўся «Поперак дарогі», справа далёка мільгаў агонь маяка.
Інсургенты зрабілі нараду. Стаяла пытаньне, што рабіць далей?
— Мы маем у сваім распараджэньні восем гадзін, — казаў Салул, — час досыць значны. Але, як аўладаць унутранасьцю карабля? Ці не папробаваць штурмам: рынуцца на іх?