Нонг ледзь не заплакаў. Што цяпер рабіць? Дзе яго шукаць? Можа ён ужо накіраваўся па сьлядох? Як папярэдзіць «тых», калі Нонг сам ня ведае, дзе яны? І вінаваты ў гэтым сам Нонг. З-за яго можа быць няпрыемнасьць «тым»…
Праз некаторы час Нонг адзін ехаў у Суракарту.
Зноў ён апынуўся ў незнаёмым горадзе, ды яшчэ з мэтай, да якой нават ня ведаў як прыступіцца. Ён не распытваўся ў готэлях, таму што не асьмельваўся адкрыта пытацца аб нейкім белым туане, якога ён і сам ня ведае. Ён баяўся, што такія роспыты будуць падазронымі і могуць пашкодзіць справе.
Ён знайшоў прытулак у нейкай начлежцы і ўсе дні бадзяўся па вуліцах ды па галоўнай плошчы. Асьцярожна, патроху ён і распытваў, ці няма тут якога прыежджага туана. Сэрца яго забілася мацней, калі ён праз некалькі дзён выпадкова даведаўся, што аднаго новага, туана бачылі на сьвяце ў кратоне.
Але яшчэ мацней забілася сэрца, калі ён ўбачыў Като, які таксама «шпацыраваў» па вуліцы. У першы момант Нонг хацеў падысьці да яго, каб такім чынам аднавіць сваё «сяброўства». Але потым раздумаўся, бо такое неспадзяванае зьяўленьне Нонга ў гэтым горадзе можа выклікаць падазрэньне і на самога Нонга. Лепш будзе тайком сачыць за ім.
Като быў у вялізарным капялюшы, з якога спускалася яшчэ хустка. Відаць, ён хацеў, каб яго не пазналі. Таксама відаць было, што хадзіў ён з пэўнай мэтай, не адыходзіў далёка і ўвесь час пазіраў на адзін дом.
Вось да гэтага дому пад’ехала падвода, і да яе вышлі два чалавекі. У адным з іх Нонг адразу пазнаў туана з Бантаму, але другога, з тубыльцаў, ён ня ведаў. Не пасьпеў Нонг падумаць, што яму цяпер рабіць, як яны селі на павозку і павозка рушылася.
За ёю накіраваўся Като, а за Като — Нонг…
Завярнуліся ў адну, другую вуліцу і вышлі на простую, доўгую, якая, відаць, непасрэдна пераходзіла ў шлях.
Тут Като неспадзявана спыніўся і павярнуў убок.
Зьбянтэжаны Нонг ня ведаў, ці сачыць за ім, ці гнацца за тымі? Крыху паразважаўшы, ён палічыў за лепшае ісьці наперад.
Пара маленькіх явайскіх коняй шпарка везла павозку; хутка пыл схаваў яе з вачэй Нонга. Як было яму дагнаць яе? А тымчасам ззаду кожную хвіліну трэба было чакаць небясьпекі. Тады Нонг пусьціўся бягом…
Роўнымі, мернымі крокамі, захоўваючы сілы, бег Нонг, нібы ў спортыўным спаборніцтве. Праз некалькі хвілін ён нават заўважыў, што адлегласьць памяншаецца. Зьдзіўлена пазіралі пешаходы на дзівака, які бяжыць у такую гарачыню.
— Куды ты ляціш? — пыталіся яго.
— Сапі зьбег. Ці ня бачылі часам? — адказваў Нонг.
181