Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Выбачай, вялікі імпэратар! — казаў Радан-Бого, працягваючы наперад складзеныя далонямі рукі. — Мае паганыя вусны павінны скрыўдзіць твае царскія вушы.

— Што, што такое? — занепакоіўся сусухунан.

— На сьвята, якое мяркуе ваша вялікасьць праз пяць дзён, ня хопіць грошай.

Сусухунан з няпрыемнасьцю скрывіў твар.

— Няўжо-ж ты ня можаш сам упарадкаваць усё гэта?

— Хай будзе сьведкай Аллах, усё што можна было зрабіць, я зрабіў, але патрэбных грошай здабыць не магу.

— Зьвярніся тады да рэзыдэнта, хай ён дасьць у лік таго, што належыць, — нецярпліва адказаў сусуханан.

— О, вялікі цар цароў! За гэты год нам нічога не належыць: усе 800.000 гульдэнаў мы ўжо атрымалі, а да канца году застаецца яшчэ чатыры месяцы.

— Ці ня мог ты наскрабсьці з якіх-небудзь падаткаў? Ня ісьці-ж мне самому зьбіраць грошы сярод падданых? — ужо зусім незадаволена сказаў сусухунан.

— Хай Аллах уцішыць твой справядлівы гнеў, о магутны ўладар нашага жыцьця! На гэтыя-ж грошы мы жывем увесь апошні час. Усё, што можна было выціснуць, — выціснута.

Сусухунан нэрвова пачаў перакідваць старонкі альбому, а потым кінуў яго далёка ад сябе.

— Ну, дык што-ж ты параіш рабіць? — утаропіўся ён на Радан-Бого.

Той схіліўся яшчэ ніжэй.

— Ці можа раіць тваёй вялікасьці твой нікчэмны слуга? Мудрасьць твая сама ведае, што прыдзецца патрабаваць грошай у рэзыдэнта яшчэ наперад.

— Ну, дык зьвярніся ад майго імя. Я напішу яму.

— О, непараўнаная сьветласьць! Твой слуга ня здолее ўгаварыць рэзыдэнта. Толькі твая магутнасьць можа гэта зрабіць. Асабліва, калі трэба браць за наступны год.

Па-за сьпіной Радан-Бого зьявіўся новы чалавек, яваец гадоў 35, убраны ў голяндзкую вайсковую форму. Ён ледзь матнуў рукой у знак прывітаньня і спыніўся, ляскаючы па ботах стэкам[1].

— Мангко Нэгоро, мусіць, зусім забыўся, да каго зьявіўся і перад кім стаіць, — з нянавісьцю зірнуў на яго сусухунан.

— А вялікі сусухунан, мусіць, забываецца, што падпалкоўнік голяндзкай арміі ня можа сябе трымаць так, як трымаюць вось яны, — задзірліва адказаў Мангко Нэгоро, паказваючы бізуном на распасьцёртага Радан-Бого.

Сусухунан зьбялеў і, здавалася, гатоў быў зрабіць нешта рашучае, але з вялікім усілкам устрымаўся і глуха сказаў:

  1. Стэк — бізун.
 

164