ці блага — але разам! А жыцьцё — гэта такая радасьць, калі побач ідзе дарагі каханы чалавек! Дык будзем адгэтуль разам цешыцца, разам плакаць, разам змагацца — ўсё разам! Добра?
Люба. Я ня ведаю… Трэба падумаць… Неяк так скора…
Мікола. Мілая! Жыцьцё такое кароткае!.. Жыцьцё — барацьба, дзе няма часу на доўгія охі ды ўздохі. Мы любім адно аднаго, дык чаго чакаць? Пажэнімся. Я бедны беларускі вучыцель, але — Бог дасьць — з голаду не памрэм. Ты будзеш хадзіць на беларускія курсы, сама станеш вучыцелькай — і вось будзем жыць ды песьні пяяць!.. Там, дзе ёсьць шчырая верная любоў, там і бяда ня страшна. Я — мужыцкае дзіця, сын селяніна, я да ўсяго прывык ты-ж таксама, здаецца, не паненка. Ну, вось… Праўду я кажу? Добра? Ты згодна, Любачка?
Люба. Добра.
Мікола (цалуе яе). О, шчасьце ты маё!.. (звоніць званок).
Люба. Дзядзенька прыйшоў! (хапае сваю пакіненую работу, бяжыць на балькон, сядае там і шые).
Мікола (застаецца на сцэне, выймае з кішані кніжку).
Зьява 4.
ЛЮБА, МІКОЛА, МАРТА і ФІЛІМОН.
Марта (праходзіць праз сцэну і адчыняе дзьверы. Уваходзіць Філімон).