Люба (пабачыўшы яго, спалохалася). Што вы зрабілі? Як вы важыліся прыйсьці!.. Хутка ўжо вернецца дзядзенька і вам ізноў прыдзецца хавацца, як тады…
Мікола. Ня турбуйцеся!.. Ваш дзядзенька сам мяне прасіў, каб я сюды прыйшоў.
Люба (страшэнна зьдзіўленая). Сам прасіў?!
Мікола. Але. Я буду яго вучыцелем беларускай мовы і сягоньня будзе першая лекцыя.
Люба. Ах, як гэта добра!.. Але як-жа ж гэта сталася? Вы-ж ня былі знаёмы з маім дзядзенькай.
Мікола. Усё гэта наладзіў мой прыяцель Скакун… А вы, Любачка, рады, што гэткім чынам будзем кожны дзень бачыцца?
Люба. Ах, я рада.
Мікола. О, мілая! (Працягвае да яе рукі).
Люба. Ах, не, не! толькі не цалуйце, бо мне неяк-так… нязручна…
Мікола. Дарагая мая! Няўжо-ж вы так ня любіце мяне, што вам навет прыкра, калі я цалую вашу ручку?
Люба. Не, я гэтага не кажу… Я наадварот… Я вас… я вам… вы мне… Ну, я ня ведаю, як сказаць!
Мікола. Скажэце мне, ці вы хоць крышачку мяне палюбіце, бо я… бо я… Да таго часу, як я вас спаткаў і адважыўся на вуліцы падыйсьці да вас, я валачыўся ўсюды за вамі сьледам, як сабака, а вы мяне ня бачылі. Вы заўсёды хадзілі разам са сваім дзядзенькай, а я чакаў той хвіліны, калі спаткаю вас адну. I вось прычакаўся,