Як чую я цябе,
дрыжыць сэрца ў мяне,
несупакойна ўся
мая душа.
Як чую голас твой,
ня знаю, што са мной,
страшна і соладка
робіцца мне.
Ты — ясны мой прамень,
прагоніш гора цень;
шчасьце толькі з табой
спазнаці я магу.
(На балькон згары падае кветка. Люба падымае яе і цалуе).
Люба. Дзякуй!.. (Уваходзіць з балькону на сцэну). Сама ня ведаю, што са мной. Як пачую яго голас, сэрца скача ў грудзёх, а на душы робіцца неяк млосна і соладка. Не разумею, што гэта… Ах, як было-б добра, каб гэта ён быў мой дзядзенька ды сказаў мне: „Пацалуй мяне, Любачка!“… Але, што рабіць, як прыедзе цёця і забярэ мяне ізноў на вёску? Дык-жа я мусіць ніколі ўжо больш яго не пабачу!.. Не, пакуль што, ня буду яшчэ высылаць пісьма да цёці, а параюся з Міколай.
Зьява 3.
ЛЮБА і МІКОЛА.
Мікола (уваходзіць). Добры дзень, панна Любачка! (Цалуе яе рукі).