Старонка:Айвенго (1934).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Няхай і вячэрні банкет адбудзецца ў такім парадку, які быў вызначаны спачатку. Няхай я дажываю апошнюю гадзіну свае магутнасці, усё-ж я прысвечу яе помсце і пацехам… Заўтра будзе час падумаць аб новых клопатах.

Неўзабаве трубныя гукі зноў прывабілі гледачоў, якія пачыналі разыходзіцца, і ўсім было заяўлена, што прынц Іоан, нечакана выкліканы для выканання важных грамадскіх спраў, вымушаны адмяніць праграму заўтрашняга святкавання. Тым не менш, не жадаючы адпусціць такое мноства добрых іëменаў, не выпрабаваўшы іх майстэрства і спрытнасці, яму ўгодна было загадаць, каб сёння яны, не ўходзячы з бегавішча, наладзілі тут спаборніцтва ў стральбе з лука. Найлепшаму стралку абяцаны быў прыз, які складаўся з паляўнічага рога ў срэбнай аправе і шоўкавай перавязі з раскошнай вышыўкай і медальёнам святого Губерта, апякуна палявання.

Спачатку больш трыццаці іёменаў з’явіліся на спаборніцтва; з іх некаторыя былі ляснічыя і іх памочнікі, або лясныя вартаўнікі запаведных каралеўскіх лясоў. Але калі яны разабралі, з кім прыдзецца ім мерацца сіламі, чалавек дваццаць зусім адмовіліся ад стральбы.

Аднак усё-такі аказалася восем чалавек, якія пажадалі прыняць удзел у гэтым спаборніцтве.

Прынц Іоан сышоў з свайго ўзвышанага месца. Ён аглядаўся навокал, шукаючы прадмет сваёй учарашняй злосці, і заўважыў, што іëмен у зялёным стаіць на тым-жа самым месцы і так-жа спакойна, як напярэдадні.

— Гэй, малайчына, — сказаў прынц Іоан, — мяркуючы па тваёй нахабнай балбатні, я так і думаў, што ты не сапраўдны аматар страляння з лука. Як відаць, ты не адважваешся паказаць сваё майстэрства.

— Прашу прабачыць, сэр, — адказаў іëмен, — у мяне ёсць іншыя прычыны адмовіцца ад страляння, а не страх няўдачы.

— Якія-ж гэта прычыны? — запытаў прынц Іоан, які, не разумеючы гэтага, меў нейкую асаблівую цікавасць да гэтага чалавека.

— Папершае, — адказаў іëмен, — не ведаю ці прывыклі гэтыя стралкі біць у такія цэлі, да якіх прывык я; а падру-